2014-04-26 16:21:29

Беларускі іерарх: лагічна, што кананізацыя Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ у адзін дзень


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, лічыць кананізацыю двух Пантыфікаў падзеяй нештодзённай, бо “Ян Павел ІІ быў вельмі моцна звязаны з Беларуссю”, а Ян ХХІІІ паспрыяў адраджэнню і абнаўленню мясцовага Касцёла праз ІІ Ватыканскі Сабор. У інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё іерарх узгадаў, што прыняў біскупскае пасвячэнне з рук Яна Паўла ІІ. “Я доўгі час працаваў у Маскве, але, спаткаючыся з ім, мы заўсёды размаўлялі пра Беларусь. Ён жыў гэтай краінай. Добра ведаў Міцкевіча, геаграфію Беларусі, добра ведаў пра Слугу Божага Зыгмунта Лазінскага. Ён адрадзіў структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, ён прызначыў біскупаў. І сёння з сямі беларускіх біскупаў чатыры прызначаны ім. І гэта ўжо адбывалася 20 гадоў таму. Ён добра прачытаў знакі часу і выкарыстаў знакі часу, як для Касцёла, так і для нашай краіны”, - адзначыў арцыбіскуп.

Ён дадаў, што Ян Павел ІІ першы з Пантыфікаў пачаў размаўляць па-беларуску. “Я памятаю сваё біскупскае пасвячэнне, падчас якога Папа ў гаміліі прамовіў фрагмент па-беларуску. Я да сённяшняга дня маю гэты тэкст. Ён сказаў, што перажывае радасныя хвіліны ад таго, што будзе біскуп у Беларусі пасля дзесяцігоддзяў, і жадае Касцёлу ў Беларусі і народу краіны поспехаў і Божага благаслаўлення”, - узгадаў іерарх і дадаў, што Пантыфік таксама падчас Божага Нараджэння і Вялікадня віншаваў беларускіх вернікаў на іх роднай мове.

Мітрапаліт лічыць, што Ян XXIII таксама звязаны з Беларусью праз абнаўленне Паўсюднага Касцёла, галоўным этапам якога стаў скліканы ім ІІ Ватыканскі Сабор. Ён быў патрэбны для паглыблення і аднаўлення веры, яе адраджэння. І Беларусь была адной з першых краін Савецкага Саюза, дзе св. Імшы пачалі цэлебраваць на нацыянальнай мове, адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч. Праз абнаўленне Паўсюднага Касцёла Ян ХХІІІ ініцыяваў адраджэнне Касцёла ў Беларусі. “І гэтым самым ён учыніў вельмі шмат і для нашай краіны”, - лічыць іерарх.

Хоць кананізацыя, гэта вельмі эмацыйная падзея, яна павінна адгукнуцца ў розумах вернікаў вывучэннем спадчыны Пантыфікаў і ІІ Ватыканскага Сабору, перакананы Мітрапаліт. “Эмоцыі праходзяць, а навучанне застаецца. І гэта такая вялікая кладзесь, якую мы павінны вывучаць і вывучаць”, - адзначыў ён і дадаў, што энцыклікі Яна Паўла ІІ павінны стаць для кожнага хрысціяніна настольнай кнігай, “каб мы маглі вучыцца ад гэтага вялікага Пантыфіка, які быў выдатным пастырам, выдатным тэолагам, выдатным прапаведнікам, творцам таксама, палітыкам, спартсменам”.

“Для мяне вельмі важная падзея – кананізацыя двух Пантыфікаў: таго, хто распачаў ІІ Ватыканскі Сабор, распачаў аднаўленне Касцёла і яго адраджэнне згодна з выклікамі нашага часу, і таго, хто стараўся ажыццявіць рашэнні Сабора і яго вучэнне, данесці яго свету”, - прызнаўся арцыбіскуп Кандрусевіч. Іерарх лічыць, што Касцёл сёння павінен адштурхоўвацца ад гэтага вучэння і ісці далей, таму для яго вельмі лагічна, што кананізацыя Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ адбываецца ў адзін дзень.







All the contents on this site are copyrighted ©.