2014-04-26 12:22:29

Аўтар кананізацыйнага партрэта Яна Паўла ІІ: мне дапамог бляск у вачах Папы


RealAudioMP3 “Ян Павел ІІ быў добрым чалавекам. Яго жыццё – гэта фенамен, фенамен дабра, з якога кожны можа зачарпнуць для сябе”, - адзначыў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё шматгадовы “папскі” фатограф і аўтар афіцыйнага кананізацыйнага партрэта Пантыфіка Гжэгаж Галонзка. Ён лічыць шчасцем той факт, што спаткаў Папу і мог непасрэдна знаходзіцца з ім, тым больш – назіраць за ім праз аб’ектыў фотакамеры. Фатограф прызнаўся, што толькі раз у жыцці асабіста падарыў свой альбом Яну Паўлу ІІ. Свае іншыя працы ён пераказваў Святому Айцу праз яго асабістых сакратароў. Але ў снежні 2003 г. падчас яго сустрэчы з супрацоўнікамі Рымскай курыі ў яго была магчымасць падысці да Пантыфіка і коратка з ім паразмаўляць. Менавіта тады Папа сказаў фатографу: “Дзякуй за альбомы”. “Я думаю, што мае працы яму ўсё ж такі падабаліся”, - сказаў Гжэгаж Галонзка. Фатограф прызнаўся, што, калі рыхтавалася беатыфікацыя Яна Паўла ІІ, ён прадставіў 3-4 здымкі ў якасці прапановы для афіцыйнага партрэту. “Мае здымкі былі вельмі добра падрыхтаваныя і апрацаваныя. Тым больш, камісія, якая ажыццяўляла адбор, ужо была добра знаёмая з маімі працамі. Гэта, канешне, быў фотамантаж, але гэты здымак спадабаўся экспертам. Было некалькі прапаноў, але абралі маю працу”, - распавёў “папскі” фатограф.

Здымак для кананізацыйнага партрэту быў зроблены 18 лютага 1989 г., калі Ян Павел ІІ знаходзіўся з візітам у адной з рымскіх парафій. Гэта была сустрэча з 6-7-гадовымі дзецьмі. Яны задавалі Святому Айцу пытанні. І адсюль быў гэты бляск у вачах Папы, які прасочваецца на кананізацыйным партрэце. Фатограф не памятае дакладна абставін, якія суправаджалі выкананне гэтага фота, і не можа вызначыць, якая гэта была рымская парафія. На здымку Папа апрануты ў чырвоную пелерыну, звычайны элемент вопраткі Святога Айца падчас італьянскай зімы.

Гжэгаж Галонзка паходзіць з Польшчы. Фатаграфіяй займаецца з дзевяці гадоў, калі атрымаў сваю першую камеру ў падарунак. Ён не мае прафесійнай адукацыі ў сферы фатаграфіі. У 1984 г. паехаў у Італію, дзе яму было даручана зрабіць альбом пра Монтэ-Касіна. Менавіта тады ён распачаў намаганні атрымаць афіцыйную акрэдытацыю для працы ў Ватыкане, бо адной з яго мараў было фатаграфаванне Святога Айца. Гэту акрэдытацыю хутка ўдалося здабыць. З таго часу Гжэгаж Галонзка стаў адным з самых вядомых “папскіх” фатографаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.