2014-04-25 12:40:25

Папа прывітаў землякоў Яна ХХІІІ


RealAudioMP3 Папа Францішак скіраваў пасланне землякам бл. Яна ХХІІІ – жыхарам італьянскага рэгіёна Бергама і ў прыватнасці горада Сотта-іль-Монтэ, у якім нарадзіўся будучы святы. Зварот Пантыфіка быў апублікаваны ў мясцовым выданні “Рэха Бергама”, з якім супрацоўнічаў Ян ХХІІІ, яшчэ будучы звычайным святаром. “Ведаю, як вы моцна любіце папу Яна і наколькі ён любіў сваю зямлю. З дня яго абрання Пантыфікам назва Бергама і Сота-іль-Монтэ сталі блізкімі ўсяму свету і яшчэ сёння, праз больш чым 50 гадоў, яны працягваюць атаясамлівацца з яго ўсмешкай на абліччы, пазначаным пяшчотнасцю айца”, - напісаў Францішак.

Святы Айцец заклікаў жыхароў Бергама дзякаваць Богу за вялікі дар святасці Яна ХХІІІ і захоўваць памяць пра зямлю, дзе яна ўзрастала – “зямлю глыбокай веры у штодзённасці, бедных сем’яў, паяднаных любоўю Пана, супольнасцяў, здольных да дзялення і прастаты”.

“Канешне, з таго часу свет змяніўся і новымі з’яўляюцца выклікі для місіі хрысціянскай супольнасці. Аднак, гэта спадчына можа натхніць нават і сёння Касцёл, пакліканы жыць салодкай і суцяшаючай радасцю евангелізацыі, быць спадарожнікам на шляху кожнага чалавека, “вясковай студняй”, з якой усе могуць чэрпаць свежую ваду Евангелля”, - адзначыў Пантыфік.

Паводле папы Францішка, шлях касцёльнага абнаўлення адкрыў ІІ Ватыканскі Сабор, ініцыяваны Янам ХХІІІ, і быў працягнуты падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ. Таму, на думку Святога Айца, супольная кананізацыя гэтых двух Пантыфікаў з’яўляецца крыніцай асаблівай радасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.