2014-04-24 15:00:36

На кананізацыі Яна Паўла II і Яна XXIII 150 кардыналаў, 1000 біскупаў і 6000 святароў


RealAudioMP3 Ад 130 да 150 кардыналаў, 1000 біскупаў і 6000 святароў будзе прысутнічаць на кананізацыйнай св. Імшы у бліжэйшую нядзелю 27 красавіка 2014 г., падчас якой святымі будуць абвешчаны Ян Павел II і Ян XXIII, паведаміў 24 красавіка 2014 г. кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Эўхарыстыю на плошчы св. Пятра ўзначаліць папа Францішак. Непасрэдна ля алтара разам з ім св. Імшу будуць канцэлебраваць кардынал Агасціна Валіні, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, кардынал Станіслаў Дзівіш, былы асабісты сакратар Яна Паўла II, і біскуп Франчэска Бэскі, пастыр дыяцэзіі Бергамо, адкуль паходзіў Ян XXIII. Магчыма, да іх далучацца яшчэ два іншых кардыналы, але іх імёны пакуль не вядомыя. Іншыя кардыналы і біскупы, якія будуць канцэлебраваць св. Імшу, будуць размешчаны па левым баку ад алтара. Крыху ніжэй будзе сектар для святароў.

Кс. Ламбардзі не пацвердзіў, аднак, ці ва ўрачыстасці кананізацыі прыме ўдзел Бэнэдыкт XVI. “Калі ён вырашыць прыняць удзел, усе яго будуць рады бачыць”, - сказаў кіраўнік Залы Друку.

Па правым баку ад алтара, у сваю чаргу, будуць знаходзіцца афіцыйныя дэлегацыі краін. Да серады 23 красавіка сваё прыбыццё пацвердзілі 94 дэлегацыі, але чакаецца, што іх будзе больш, сказаў кс. Ламбардзі. Ён дадаў пры гэтым, што падчас цырымоніі кананізацыі, як чакаецца, будуць прысутныя дэлегацыі іншых канфесій і рэлігій, але Святы Пасад не кіраваў ніякіх афіцыйных запрашэнняў. Святар паведаміў, што свой удзел ужо пацвердзілі прадстаўнікі Праваслаўных Цэркваў і Англіканскай Царквы, а таксама юдэйскай і ісламскай супольнасці.

Падчас Эўхарыстыі св. Камунію на плошчы св. Пятра і прылягаючай да яе плошчы Пія XII будуць удзяляць 600 святароў. Яшчэ 200 будзе скіравана да вернікаў, размешчаных на вуліцы “Conciliazione”.

На алтары падчас кананізацыі будуць прысутнічаць рэліквіі абодвух Пантыфікаў: рэліквіярыі з крывёй Яна Паўла II і фрагментам скуры Яна XXIII, узятым падчас эксгумацыі перад беатыфікацыяй у 2000 г. Падчас абвяшчэння Яна Паўла II і Яна XXIII святымі будуць адкрытыя тыя ж іх партрэты, якія выкарыстоўваліся падчас беатыфікацыі, у 2000 г. – Яна XXIII і ў 2011 г. – Яна Паўла II.







All the contents on this site are copyrighted ©.