2014-04-22 12:04:50

Лацінскі Патрыярх: няхай Іерусалім стане сталіцай чалавецтва


RealAudioMP3 “Паводле Евангелля, прыняцце, прабачэнне, любоў і прастата не маюць межаў. Я хачу, каб гэта меў Іерусалім і стаў сталіцай чалавецтва і ўсіх рэлігій”, - сказаў у інтэрв’ю агенцтву “Zenit”, лацінскі Патрыярх Іерусаліма, арцыбіскуп Фуад Тваль. Іерарх адзначыў, што гэты горад мае ў сабе нейкую таямніцу, якую цяжка зразумець: “аб’ядноўвае ўсіх вернікаў і той жа час іх раздзяляе”. “Мы абавязаны прыняць гэту няздольнасць зразумення і даверыць нашу долю Пану”, - лічыць Патрыярх.

Ён выказаў шкадаванне, што на зямлі Езуса стаіць “мур ганьбы” і “міжнародныя СМІ забыліся пра яе жыхароў”, бо надаюць больш увагі “іншым бягучым пытанням”. На думку Патрыярха “фізічныя муры можна лёгка разбурыць”, за тое значна цяжэй разбурыць муры ў чалавечым сэрцы: нянавісці, страху і несправядлівасці. Ключом да разбурэння гэтых мураў з’яўляецца навяртанне сэрца”, - адзначыў арцыбіскуп Тваль.

Іерарх прызнаў, што адным з крыжоў Святой Зямлі з’яўляюцца падзелы сярод хрысціян, бо тут дзейнічае 13 розных хрысціянскіх канфесій. “Абрады могуць быць багаццем, але ніколі не павінны стаць прычынай падзелаў”, лічыць лацінскі Патрыярх. Таму ён сам сябе адчувае адказным за ўсю хрысціянскую супольнасць Святой Зямлі. Арцыбіскуп Тваль выказаў надзею, што візіт папы Францішка на гэтыя землі ў маі гэтага года, прынясе новае жыццё і надзею ў экуменічным руху. "Мы часта затрымліваемся на знешнім вымярэнні сустрэч са Святым Айцом. Гэта грэх”, - сказаў іерарх. Ён аднак мае надзею, што многія хрысціяне зразумеюць пасланне Пантыфіка, якому характэрнымі з’яўляюцца пакора і блізкасць да людзей.

Ян Мойсік







All the contents on this site are copyrighted ©.