2014-04-20 14:11:31

Пантыфік у Пасхальную вігілію: чэрпаць з вытокаў сваёй веры


RealAudioMP3 Вярнуцца, каб сустрэцца з Хрыстом, заклікаў папа Францішак падчас літургіі Пасхальнай Вігіліі, якую ўзначаліў у базыліцы св. Пятра вечарам 19 красавіка 2014 г. Падчас яе Святы Айцец удзяліў сакрамэнт хросту дзесяці асобам, у тым ліку адной беларусцы. У сваёй гаміліі Пантыфік нагадаў, што ў апавяданні пра ўваскрасенне Пана двойчы узгадваецца заклік да неабходнасці вяртання ў Галілею – месца, дзе пачалася сустрэча Езуса з вучнямі. Да гэтага заклікалі анёл, каля пустой магілы Хрыста, а таксама сам уваскрослы Збаўца. “Вярнуцца ў Галілею азначае перачытаць усё пачынаючы ад крыжа і перамогі. Перачытаць усё – прапаведванне, цуды, новую супольнасць, энтузіязм і невыкананне абавязкаў, аж да здрады – перачытаць усё пачынаючы ад канца, які ёсць новым пачаткам, ад гэтага найвышэйшага акту любові”, - заклікаў Папа.

Францішак перакананы, што ў кожнага верніка ёсць свая “Галілея” – месца адкуль пачаўся шлях з Езусам. Таму заклік “ісці ў Галілею” азначае зноў убачыць наш хрост, як жывую крыніцу, зачарпнуць новай энергіі з каранёў нашай веры і нашага хрысціянскага досведу. Гэта заклік вярнуцца у тую кропку, дзе адбыўся першы дотык Ласкі Божай. “Ад гэтай іскры я магу запаліць полымя на сёння, на кожны дзень, і несці цяпло і святло маім братам і сёстрам. Ад гэтай іскры запальваецца пакорная радасць, радасць, якая не прыносіць болю і разгубленасці, радасць добрая і лагодная”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў кожнага паразважаць над тым, дзе знаходзіцца яго ўласная “Галілея”, каб вярнуцца ў яе і дазволіць Богу абняць сваёй міласэрнасцю. “Гэта не вяртанне назад ці настальгія”, - падкрэсліў Пантыфік, але "вяртанне да першай любові для атрымання агня, якім Езус запаліў свет і для таго, каб несці яго ўсім, аж да краю зямлі".








All the contents on this site are copyrighted ©.