2014-04-19 10:35:05

Прапаведнік Папскага дома: сустрэцца з Божай міласэрнасцю ў споведзі


RealAudioMP3 18 красавіка 2014 г. у ватыканскай базыліцы прайшла літургія Вялікай пятніцы. Яе ўзначаліў папа Францішак. Па традыцыі казанне падчас набажэнства прамовіў прапаведнік Папскага дома айцец Раньера Канталамеса. У ім капуцын звярнуў увагу на асобу Юды Іскарыёта – самай трагічнай асобы ў гісторыі мукі Езуса Хрыста. Паводле прапаведніка, галоўнай прычынай здрады гэтага вучня, была любоў да грошай. Айцец Канталамеса падкрэсліў, што грошы і сёння застаюцца адным з “шматлікіх ідалаў”. “Грошы – гэта бачны бажок, у адрозненні ад сапраўднага Бога, які нябачны”, - адзначыў ён. Мамона, на думку святара – “гэта духоўны суствет альтэрнатыўны” веры, надзеі і любові.

“Прывязанасць да грошай – гэта корань усякага зла”, - нагадаў ён словы апостала Паўла і падкрэсліў, што таксама сёння за кожным злом у нашым грамадстве стаяць грошы. Айцец Канталамеса нагадаў пра існаванне розных незаконных формаў абагачэння, а таксама празмерную розніцу ў заробках звычайных супрацоўнікаў і кіраўнікоў многіх прадпрыемстваў. Грошы, як і любы іншы ідал абяцаюць ўпэўненасць і свабоду, у той час як на самой справе пазбаўляюць іх, адзначыў прапаведнік.

Капуцын перакананы, што здрадзіць Езусу можна не толькі сваёй прывязанасцю да грошай, як гэта зрабіў Юда. Гэта могуць рабіць сужонкі здраджваючы адно аднаму, святар – пасвячы самаго сябе, а не статак. “Здраджвае Езусу той, хто здраджвае свайму сумленню”, падкрэсліў капуцын.

Праблема Юды, на думку айца Канталамесы ў тым, што ён лічыў Езуса проста “справядлівым чалавекам” і не ведаў, што Хрыстус сапраўдны Сын Божы. Аднак Бог ніколі не пакідаў Юду. Нам нават невядома ці патрапіў ён у рукі сатаны пасля смерці. Апошняе слова, якое здраднік пачуў ад Хрыста, было “сябар” і аб гэтым ён не мог забыць, як не мог забыць і позірку Збаўцы.

Такім чынам, на думку святара, “гісторыя нашага брата Юды”, павінна нас падштурхнуць адкрыцца на таго, Хто прабачае, таму што самым значным фактам у гісторыі Іскарыёта, была не яго здрада, але адказ, які скіраваў да яго Езус. “Ён добра ведаў, што саспевала ў сэрцы Яго вучня; але не выкрываў яго, хацеў да самага апошняга моманту даць яму магчымасць вярнуцца, амаль абараняў яго”, - сказаў айцец Канталамеса. На думку прапаведніка, галоўным грахом Юды, была не здрада, а сумніў у Божай міласэрнасці. Айцец Канталамеса нагадаў, што сустрэцца з гэтай міласэрнасцю можа кожны ў сакрамэнце споведзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.