2014-04-19 13:57:58

Папа ўдзеліць сакрамэнт хросту беларусцы


RealAudioMP3 Падчас Пасхальнай Вігіліі, якая пачнецца ў 21.00 па беларускім часе ў ватыканскай базыліцы св. Пятра папа Францішак удзеліць сакрамэнт хросту дзесяці асобам, у тым ліку беларусцы Юліі Дземянчук. Яна нарадзілася ў Магілёве ў 1974 г., але ўжо не працягу 18 гадоў жыве ў Італіі. У інтэрв'ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё яна падзялілася, што ў маленстве не атрымала знаёмства з верай, але заўсёды з павагай адносілася да веруючых людзей. Першым імпульсам да навяртання стала смерць Яна Паўла ІІ у 2005 г. “Усё пачалося ад яго. Гэта Ян Павел ІІ паставіў мяне на шлях”, - сказала яна. Гледзячы цырымонію пахавання Пантыфіка па тэлебачанні Юлія не магла стрымаць слёзаў і адчула патрэбу ў звароце да Бога. Натхненне для веры яна чэрпала з жыццёвых прыкладаў св. Францішка Асізскага і св. Кацярыны Сіенскай. Убачыўшы знакаміты абраз Езуса Міласэрнага яна яшчэ больш пераканалася ў любові Хрыста, які быў не толькі ўкрыжаваны за нас, але і выліў са свайго сэрца рэкі прабачэння і міласэрнасці. Затым былі некалькі пілігрымак у марыйныя санктуарыі, пасля чаго Юлія Дземянчук вырашыла прыняць сакрамэнт хросту.

Пад кіраўніцтвам пробашча адной з парафій у цэнтры Рыма яна прайшла больш чым 60 катэхетычных заняткаў. Падрыхтоўка трывала амаль 2 гады. Сёння яе кульмінацыяй стане хрост, які ўдзеліць сам Святы Айцец.

Іншыя катэхумены паходзяць з Італіі, Сенегалу, Лівана, Францыі і Вьетнаму. Самы малодшы з іх – італьянец. Ён мае 7 гадоў. А самы старэйшы – в’етнамец. Ён прыме хрост у 58 гадовым узросце. Традыцыя удзяленне хросту ў Пасхальную вігілію сягае сваімі каранямі яшчэ ў эпоху ранняга Касцёла. У першыя стагоддзі хрысціянства сакрамэнт хросту здзейсняўся толькі адзін раз у год – у Велікодную ноч.









All the contents on this site are copyrighted ©.