2014-04-18 11:11:20

Мітрапаліт Кандрусевіч: Ян Павел ІІ – Папа, які змяняў людзей


RealAudioMP3 Цяпер, калі да кананізацыі Яна Паўла ІІ застаецца зусім мала часу, ва ўсім свеце ўзгадваюць легендарнага Пантыфіка – яго справы, прамовы, разабраныя на цытаты, учынкі, якія сталі прыкладам. Яшчэ на пахаванні Яна Паўла ІІ у 2005 г. тысячы вернікаў, якія сабраліся на плошчы св. Пятра, у адзін голас прамаўлялі “Святы неадкладна”. Для вернікаў гэта постаць была неацэнна значнай, беларускія католікі лічылі яго сваім Папам. І ён сапраўды быў такім. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, добра памятае той дзень, калі кардынал Караль Вайтыла стаў Біскупам Рыма.

“Калі кардынал Кракаўскі стаў наступнікам св. Пятра, я быў у семінарыі. Я быў дзяжурны. Добра памятаю той дзень – людзі ішлі і ішлі, а семінарыя была своеасаблівым цэнтрам. Сапраўды, сапраўды, гэта адзін з нашых, такі блізкі да нас, ён добра ведае нас, добра ведае атэізм, ён добра ведае тых, хто займаецца пераследам веры і ён што-небудзь зробіць. Яго першыя словы былі: “Не бойцеся, адчыніце дзверы Езусу Хрысту, толькі Ён адзін ведае чалавека. І толькі праз Яго чалавек можа спазнаць сябе”. Гэта былі словы, якія падбадзёрвалі ўсіх. Потым яго вядомы візіт у Польшчу, калі ён сказаў: “Няхяй сыдзе Дух Святы і адновіць гэтую зямлю”. Мы тут таксама чыталі гэтыя словы і адносілі іх да сябе...”, - прызнаўся іерарх у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

Папа-міратворца, які адкрыта выстапаў супраць камунізма, а таксама першы, хто не толькі прызнаў абвінавачванні ў адрас Каталіцкага Касцёла, але і публічна прынёс пакаянне – напрыклад, за інквізіцыю. Ніколі ў гісторыі чалавецства ніводная рэлігія ці канфесія не прыносіла такіх прабачэнняў. Чалавек, які стаў Папам і Папа, які стаў святым. Ян Павел ІІ сапраўды набыў усенародную любоў.

“Гэта быў вучоны, спартсмен, дыпламат, выдатны прапаведнік. Гэта быў чалавек, які заснаваў Сусветныя дні моладзі. Напэўна, цяжка знайсці галіну, дзе б ён не праявіў сябе. Столькі энцыклік, столькі прамоваў, столькі падарожжаў… Ён ішоў да чалавека. Ведаеце, працуючы ў Расіі, дзе не так шмат католікаў, я бачыў, што людзі ехалі да яго, а потым вярталіся і казалі “Ён змяніў мяне. Я застаюся праваслаўным, але я павінен змяніць сваё жыццё”. Ён як магніт прыцягваў да сябе людзей. Таксама яго малітва, яго лекцыя пра падчас адыходу з гэтага свету. Гэта былі рэкалекцыі для многіх, нават палітыкаў, якія дзесяцігоддзямі не падавалі рукі адзін аднаму; на пахаванні яны зрабілі гэта. Ён нават пасля смерці аб’ядноўвае людзей. Ян Павел ІІ першы ўвайшоў у сінагогу і мячэць. Гэта таксама вельмі важна. Сёння мы жывем у плюралістычным свеце і трэба весці дыялог з людзьмі розных веравызнанняў і цывілізацый. І ён гэта чыніў. Напэўна, усё гэта разам зрабіла яго такім папулярным”, - сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ян Павел ІІ быў чалавекам, абраным Богам у адпаведны час. Ён добра прачытаў знакі таго часу і выкарыстаў магчымасці, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Адраджэнне Каталіцкага Касцёла ў Беларусі прыходзіцца менавіта на Пантыфікат Яна Паўла ІІ. “ У краінах былога Савецкага Саюза адбываліся сацыяльна-палітычныя змены, і Ян Павел ІІ выкарыстаў час, калі быў зменены закон “Аб свабодзе веравызнання”. Таму і структуры, і біскупы Касцёла як у Беларусі, так і ў былым СССР – гэта яго заслуга. Тыя чатыры дыяцэзіі, якія існуюць у Беларусі, і большасць біскупаў яшчэ прызначаныя Янам Паўлам ІІ. Ён вельмі хацеў быць тут, але не давялося. Можна шукаць многія прычыны, здагадвацца, але ў мяне асабіста ўзнікае такое пытанне: “А можа мы былі не годныя?.. Сёння ён узносіцца да хвалы святых і напэўна з акна дома Нябеснага Айца благаслаўляе ўсіх нас”, - адзначыў іерарх.

Кананазацыя Яна Паўла ІІ і Яна XXIII адбудзецца 27 красавіка. У Ватыкане будзе прысутнічаць вялікая дэлегацыя з Беларусі. А пасля кананізацыі, недалёка ад ватканскай плошчы ў 14.00 у касцёле св. Ганны пройдзе Імша з удзелам беларусаў. А ўжо 18 мая, у 94-ю гадавіну нараджэння Яна Паўла ІІ, у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбудзецца св. Імша падзякі за яго кананізацыю.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.