Галоўны рабін Рыма павіншаваў Папу з велікоднымі святамі
Галоўны рабін Рыма
Рыкарда Дзі Сэньі скіраваў свае велікодныя віншаванні да папы Францішка. Адказваючы
на пажаданні, якія Святы Айцец скіраваў рымскай юдэйскай супольнасці з нагоды свята
Песах, Дзі Сэньі адзначыў, што перыядычнае супадзенне святкавання Пасхі ў хрысціян
і юдэяў з’яўляецца заклікам да “супольных і ўзаемных каштоўнасцяў, перш за ўсё да
веры ў боскую прысутнасць у гісторыі, якая спрыяе вызваленню чалавека з прыгнечанасці
і заахвочвае людзей да гэтага задання”. Кіраўнік юдэйскай супольнасці Рыма нагадаў
таксама пра кананізацыю благаслаўлёных Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ, якая адбудзецца 27
красавіка 2014 г. Гэтых Пантыфікаў ён назваў “двума вялікімі Папамі, якія пазітыўна
змянілі гісторыю адносінаў паміж Касцёлам і юдаізмам, а гэта” – на яго думку – “для
усіх з’яўляецца знакам надзеі”.
Рыкарда Дзі Сэньі паабяцаў папе Францішку
малітву юдэйскай супольнасці ў інтэнцыі яго візіту ў Святую Зямлю, які адбудзецца
напрыканцы мая 2014 г., каб ён значна паспрыяў палітычнаму і рэлігійнаму міру ў рэгіёне.