2014-04-16 12:13:55

Святы Айцец: ноч становіцца цямнейшай перад самым світанкам


RealAudioMP3 Падчас Вялікага Тыдня кожнаму з нас было б добра ўзяць у рукі распяцце і цалаваць яго кажучы: “дзякуй, Езу”, - з такой парадай звярнуўся да вернікаў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 16 красавіка 2014 г. Пантыфік прысвяціў сваю катэхезу таямніцы прыніжэння і смерці Хрыста – драматычным падзеям, якія Касцёл перажывае ў гэтыя дні. У першую чаргу Папа нагадаў, што літургія Вялікай Серады апавядае пра здраду Юды, які звярнуўся да першасвятароў з прапановай выдаць ім Настаўніка. “Гэты драматычны акт вызначае пачатак мукі Хрыста, балючы шлях, які Ён выбраў у поўнай свабодзе. Аб гэтым ясна кажа Ён сам: “Я аддаю маё жыццё... Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам даю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго”. І так, гэтай здрадай, пачынаецца шлях прыніжэння і распранання. Езус, нібыта знаходзіцца на рынку: “Гэты каштуе 30 сярэбранікаў”. І Ён праходзіць шлях прыніжэння і распранання, аж да канца”, - сказаў Папа.

Канчатковага прыніжэння Хрыстус дасягнуў падчас “крыжовай смерці”, адзначыў Святы Айцец і нагадаў, што такі “найгоршы” спосаб пакарання прызначаўся для рабоў і злачынцаў. “Езуса лічылі прарокам, але памёр Ён як злачынец”, - падкрэсліў Пантыфік. “Гледзячы на Езуса падчас мукі, мы як у люстэрку бачым таксама пакуты ўсяго чалавецтва і знаходзім Боскі адказ на таямніцу зла, болю, смерці. Часта нас ахоплівае жах з прычыны зла і болю, якія нас акружаюць і тады мы пытаемся: “Чаму Бог гэта дазваляе?”. Нас глыбока раніць бачанне пакутаў і смерці, асабліва нявінных! Бачанне пакутаў дзяцей раніць наша сэрца. Гэта таямніца зла. І Езус бярэ ўсё гэта зло і пакуты на сябе. На працягу гэтага тыдня было б добра для ўсіх нас глядзець на распяцце, цалаваць раны Езуса, цалаваць распяцце. Ён узяў на сябе ўсе чалавечыя пакуты”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў, што людзі заўсёды чакаюць ад Бога “трыумфальнай перамогі” над несправядлівасцю, злом і грахом, але Ён паказвае іншую перамогу – пакорную, якая ў чалавечых вачах здаецца паразай. “І можам сказаць: Бог перамагае менавіта паразай. Сын Божы, сапраўды, на крыжы падаецца чалавекам пераможаным: пакутуе, перажывае здраду, зневажанне і напрыканцы памірае. Езус дазволіў, каб зло катавала Яго і ўзяў яго на сябе, каб перамагачы. Яго мука – гэта не выпадковае здарэнне, Яго смерць – гэта смерць – была “запісана”. Сапраўды, мы не маем шмат тлумачэнняў гэтаму. Гэта таямніца, якая бянтэжыць, таямніца вялікай пакоры Бога”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што ў той момант, калі ўсё здаецца страчаным, Бог умешваецца з сілай уваскрасення. “Уваскрасенне Езуса – гэта не шчаслівы канец прыгожай казкі. Гэта не “happy end” якога-небудзь фільма, але ўмяшанне Бога Айца там, дзе нішчыцца чалавечая надзея. Момант, калі ўсё здаецца страчаным, момант болю, калі многія людзі адчуваюць нібыта патрэбу сысці з крыжа, самы блізкі да ўваскрасення. Ноч становіцца найбольш цёмнай, перад самым світанкам, перад тым, як заззяе святло. І ў самы цёмны момант умешваецца Бог. Уваскрашае”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што Езус кліча вернікаў ісці за Ім па шляху прыніжэння. Калі ў пэўныя моманты не знаходзім выхаду з нашых цяжкасцяў, калі адчуваем, што з’яўляемся слабымі і грэшнымі, менавіта тады нельга хаваць нашай паразы, але трэба з даверам адкрыцца Богу, як зрабіў Езус, сказаў Святы Айцец.На заканчэнне аўдыенцыі Папа заклікаў вернікаў да разважання над коштам нашага адкуплення і напоўніць радасцю ўваскрасення свае дамы.








All the contents on this site are copyrighted ©.