2014-04-15 11:08:37

Ганаровы кіраўнік сусветнага праваслаўя заклікаў да прымірэння ва Украіне


RealAudioMP3 “Святая Маці Царква Хрыстовая Канстантынопаля глядзіць на ўкраінскі народ, як на сваіх каштоўных сыноў і дачок, народжаных з вод хрышчэння, якія плывуць руслам ракі Днепр”, - напісаў Патрыярх Барталамей І у сваім пасланні да палітыкаў і кіраўнікоў праваслаўя ва Украіне. Ён падкрэсліў, што любоў Канстантынопальскай Царквы да пабожных хрысціян гэтых зямель трывае больш за тысячу гадоў, і ніколі не слабела. Сусветны Патрыярх ведае пра складаныя задачы, якія стаяць сёння перад благаслаўлёным украінскім народам. Барталамей І нагадаў пра глыбокія і адкрытыя раны, звязаныя з такімі падзеямі ХХ стагоддзя, як вялікі голад і дзве сусветныя вайны, а таксама “ціск на краіну, якая выходзіла пасля дзесяцігоддзяў таталітарнай тыраніі”. Патрыярх Канстантынопальскі заклікаў праваслаўных Украіны, каб захавалі адзінства Духа і повязь міру.

“Маем надзею, што дзякуючы добрай волі ўкраінскага народа ўдасца асягнуць вылячэнне і прымірэнне”, - напісаў ганаровы кіраўнік сусветнага праваслаўя. Калі гаворка ідзе пра рознагалоссі паміж Праваслаўнымі Цэрквамі, Барталамей І спадзяецца, што да часу запланаванага праз два гады Усеправаслаўнага Сабору яны будуць пераадолены на карысць адзінства ўкраінцаў. Патрыярх “па-айцоўску” заклікае іх, каб смела выйшлі насустрач бягучаму гістарычнаму выпрабаванню.







All the contents on this site are copyrighted ©.