2014-04-14 14:36:17

Папа да семінарыстаў: гора пастырам, якія пасвяць саміх сябе, а не статак!


RealAudioMP3 14 красавіка 2014 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі групу семінарыстаў і выкладчыкаў з Папскага леаніянскага калегіума, які месціцца ў горадзе Ананьі, у 70-ці км ад Рыма. Навучальная ўстанова была заснавана у 1897 г. папам Львом ХІІІ. Сёння яна з’яўляецца рэгіянальнай семінарыяй. Яна рыхтуе святароў для дыяцэзій рэгіёна Лацыё, якія знаходзяцца на поўдні ад Рыма і вакол Вечнага горада. Тут навучаюцца больш за 60 семінарыстаў. У Ватыкан, на аўдыенцыю да Святога Айца яны прыбылі пешшу. Папа пахваліў семінарыстаў за адвагу і адзначыў, што гэта пілігрымка – цудоўны сімвал іх “адукацыйнага шляху, які трэба прайсці з энтузіязмам і настойлівасцю, у любові да Хрыста і ў братэрскай еднасці”. “Вы, дарагія семінарысты, рыхтуецеся не да пэўнага рамяства, каб стаць працаўнікамі якога-небудзь прадпрыемства або бюракратычнай установы”, - нагадаў Папа. Ён пажадаў семінарыстам станавіцца “пастырамі на вобраз Езуса, Добрага Пастыра”.

“Перад абліччам гэтага паклікання мы можам адказаць як Панна Марыя анёлу: “Як станецца гэта?”. Стаць “добрымі пастырамі” на вобраз Езуса – гэта вельмі вялікая справа, а мы такія малыя. (...) Сапраўды, вельмі вялікая; але гэта справа не наша! Гэта справа Святога Духа пры нашым супрацоўніцтве. Гаворка ідзе пра тое, каб пакорна ахвяраваць сабой на падабенства гліны для ляпніны, каб ганчар, якім з’яўляецца Бог, апрацаваў яе вадой і агнём, Словам і Духам. Гаворка ідзе пра тое, каб прыйсці да нечага, аб чым кажа св. Павел: “Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус”. Толькі так можна быць дыяканамі і прэзбітарамі ў Касцёле, толькі так можна пасвіць народ Божы і весці яго не сваімі шляхамі, але шляхам Езуса, і больш за тое, шляхам, якім з’яўляецца Езус”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, ісці дарогай Хрыста, азначае штодзённа разважаць над Святым Пісаннем, сустракацца з Божай міласэрнасцю ў сакрамэнце споведзі, з верай і любоўю сілкавацца Эўхарыстыяй, быць людзьмі малітвы, каб станавіцца голасам Хрыста, які праслаўляе Айца і пастаянна заступаецца за братоў.

“Калі вы не гатовы ісці такім шляхам, з яго паставамі і досведам, лепш калі будзеце мець адвагу знайсці іншы. У Касцёле ёсць шмат спосабаў, каб даваць хрысціянскае сведчанне”, - сказаў Пантыфік і дадаў, што “у наследванні Хрыста няма месца пасрэднасці, якая заўсёды прыводзіць да выкарыстання святога Божага народа дзеля ўласнай карысці”. “Гора кепскім пастырам, якія пасвяць сябе, а не статак” – усклікалі прарокі”, - нагадаў Святы Айцец семінарыстам і пажадаў ім сур’ёзна і разважна падыходзіць да сваёй будучыні.








All the contents on this site are copyrighted ©.