2014-04-13 14:28:53

Святы Айцец да моладзі: крыж – знак любові Хрыста да чалавецтва


RealAudioMP3 Перад малітвай “Анёл Панскі” 13 красавіка 2014 г. папа Францішак нагадаў, што ў Пальмовую нядзелю Касцёл адзначае Сусветны дзень моладзі. Мерапрыемствы ў яго рамках праходзяць у розных краінах на дыяцэзіяльным узроўні. У Рыме, па традыцыі, моладзь сустракаецца са сваім біскупам – Папам, на плошчы св. Пятра. Тут адбываецца перадача крыжа Сусветных дзён моладзі – сімвала міжнароднага форума, які праходзіць адзін раз на два ці тры гады ў адным з гарадоў свету. Крыж перадаецца ад прадстаўнікоў краіны ў якой праходзіла папярэдняе міжнароднае спатканне да гаспадароў наступнага форума. Такім чынам, маладыя вернікі з Бразіліі перадалі крыж моладзі з Польшчы. Менавіта ў польскім Кракаве пройдуць Сусветныя дні моладзі 2016 года.

Папа нагадаў, што 30 гадоў таму крыж Сусветных дзён моладзі даверыў маладым вернікам бл. Ян Павел ІІ, каб неслі яго па ўсім свеце, як “знак любові Хрыста да чалавецтва”. Кананізацыя благаслаўлёнага Папы адбудзецца 27 красавіка 2014 г, падкрэсліў Францішак і дадаў, што ў еднасці святых ён працягне быць для моладзі ўсяго свету айцом і сябрам. Пантыфік таксама нагадаў, што 15 жніўня 2014 г. прыме ўдзел у Днях азіяцкай моладзі ў паўднёвакарэйскай дыяцэзіі Тэджон.








All the contents on this site are copyrighted ©.