2014-04-12 13:27:57

Папа да ўрачоў-анколагаў: клапаціцца пра цела, душу і дух хворых


RealAudioMP3 Урач павінен клапаціцца пра цела, душу і дух хворага, лічыць Святы Айцец. 12 красавіка 2014 г. папа Францішак сустрэўся ў Ватыкане з удзельнікамі кангрэса Італьянскага таварыства анкалагічнай хірургіі. “Прымаючы вас, я думаю пра ўсіх людзей, аб якіх вы клапоціцеся, і малюся за іх”, - сказаў Пантыфік. Ён падкрэсліў, што навуковыя адкрыцці павялічваюць магчымасці прафілактыкі і лячэння рознага кшталту паталогій, але, калі гаворка ідзе пра здароўе, неабходна памятаць, што чалавек створаны на вобраз і падабенства Божае, у ім існуе адзінства цела і духа. “Грэкі былі больш дакладнымі: цела, душы і духа”, - нагадаў Святы Айцец. Паводле яго, гэтыя элементы неабходна адрозніваць, але нельга раздзяляць. “Такім чынам, таксама і хвароба, досвед болю і пакутаў, не тычацца толькі цялеснага вымярэння, але ўсяго чалавека. Адсюль узнікае патрэба ў інтэгральным клопаце, які разглядае асобу ў яе поўні і яднае з медыцынскай апекай – я б сказаў, апекай “тэхнічнай” – таксама чалавечую, псіхалагічную і сацыяльную падтрымку, таму што ўрач павінен клапаціцца аб усім гэтым: чалавечым целе, псіхічным, сацыяльным і духоўным вымярэнні, аб духоўным суправаджэнні і падтрымцы блізкіх хворага”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, братэрскае дзяленне з хворымі адкрывае на сапраўдную прыгажосць чалавечага жыцця, нават улічваючы яго слабасць. Яно дапамагае распазнаць годнасць і каштоўнасць кожнага чалавека ў любым стане і на любым этапе яго жыцця, ад зачацця да смерці.

Пантыфік нагадаў, што толькі Хрыстус надае сэнс “скандалу бязвінных пакутаў”. “Шмат разоў прыходзіць у сэрца гэта трывожнае пытанне Дастаеўскага: чаму пакутуюць дзеці? Толькі Хрыстус можа надаць сэнс гэтаму “скандалу”. На Яго, укрыжаванага і ўваскрослага, таксама і вы можаце заўсёды глядзець, выконваючы вашу штодзённую працу”, - пажадаў папа Францішак італьянскім хірургам-анколагам.








All the contents on this site are copyrighted ©.