2014-04-12 13:29:52

Літургія Пальмовай нядзелі ў Ватыкане з “пальмамі” з Сан-Рэма


RealAudioMP3 Падчас літургіі Пальмовай нядзелі 13 красавіка 2014 г. папа Францішак будзе выкарыстоўваць пастарал, выраблены і перададзены яму зняволенымі турмы ў італьянскім Сан-Рэма. Ён уяўляе сабой посах з аліўкавага дрэва з крыжам і гербам Пантыфіка ў верхняй частцы. Акрамя таго, майстры з Сан-Рэма падрыхтавалі каля 3 тыс. “пальмаў” для кардыналаў, біскупаў і часткі свецкіх вернікаў, якія будуць удзельнічаць у літургіі на плошчы св. Пятра, зробленых па старажытнай мясцовай традыцыі. Святому Айцу будзе перададзена ў дар асаблівая “пальма” вышынёй каля 2 метраў. Яна сплецена з трох пальмовых лістоў, якія сімвалізуюць Святую Тройцу. Усе “пальмы” зроблены рукамі мастакоў з выкарыстаннем адмысловай тэхнікі пляцення без ужывання металічных скобаў або клею.

“Пальмы” з Сан-Рэма, якія на мясцовым дыялекце называюцца “пармурэлі”, выкарыстоўваюцца падчас літургіі Пальмовай нядзелі на ватыканскай плошчы з 2004 г. Адна з італьянскіх легенд апавядае, што 10 верасня 1586 г., падчас усталявання 26-мятровага егіпецкага абеліску на плошчы св. Пятра, папа Сікст V загадаў прысутным вернікам захоўваць маўчанне, каб не перашкаджаць задзейнічаным у гэтым працэсе майстрам. Аднак адзін з прысутных на плошчы, лігурыец Бэнэдэта Брэшыа, які між іншым займаўся перавозам у Рым і продажам традыцыйных “пальмаў”, заўважыў, што канаты, якія трымалі абеліск перагрэліся на сонцы і маглі абарвацца ад цяжару. Тады ён гучна крыкнуў: “Канаты ў ваду!”, парушыўшы загад Пантыфіка маўчаць, чым выратаваў сітуацыю. Папа вырашыў адудзячыць верніку і надаў яму прывелей, якім замацаў за ім і яго нашчадкамі права пастаўляць традыцыйныя “пальмы” непасрэдна ў Ватыкан. Традыцыя перарывалася, але ў 2004 г. была адноўлена.

Плошча св. Пятра сёлета будзе ўпрыгожана кветкамі, аліўкавымі дрэвамі і пальмамі, прывезенымі з паўднёваітальянскага рэгіёну Апулія. Кампазіцыя вакол цэнтральнага абеліска будзе складацца з амаль 50 тыс. ружаў, гартэнзій, архідэй і іншых кветак. Паводле фларыстаў, кветкі і дрэвы будуць нагадваць пра трыумф, з якім Хрыстус уязджаў у Ерузалем, а таксама перададуць прыгажосць мясцовай міжземнаморскай прыроды.








All the contents on this site are copyrighted ©.