2014-04-11 10:59:43

Святы Айцец заклікаў венесуэльскія ўлады і апазіцыю да гераізма прабачэння


RealAudioMP3 Папа Францішак звярнуўся да ўдзельнікаў мірных перамоваў паміж венесуэльскім урадам, прадстаўленым прэзідэнтам краіны Нікаласам Мадурам і прадстаўнікамі апазіцыі, якія пачаліся 10 красавіка 2014 г. у Каракасе. Пасланне Святога Айца было прачытана Апостальскім нунцыем у Венесуэле арцыбіскупам Альда Джардана, які быў запрошаны прыняць ўдзел у дыялогу ў якасці пасярэдніка. Гаворка ідзе пра першую спробу перамоваў паміж венесуэльскімі ўладамі і апазіцыяй пасля пачатку двухмесячнага супрацьстаяння ў выніку якога загінулі каля 40 чалавек.

“Насілле не можа прынесці мір і дабрабыт ніводнай краіне, таму што яно нараджае заўсёды і толькі насілле”, - напісаў Папа і дадаў, што адваротны эфект мае дыялог. Пантыфік падзякаваў за запрашэнне да ўдзелу ў мірных перамовах, якое было скіравана Апостальскай Сталіцы і запэўніў бакі ў сваёй малітве, каб сустрэча і працэс, які пачынаюць, “прынеслі жаданыя плёны нацыянальнага прымірэння і супакою”. Папа выказаў сваю блізкасць да венесуэльскага народа, асабліва да ахвяраў насілля і іх сем’яў.

Паводле Святога Айца, супольнаму дабру краіны можна спрыяць толькі паважаючы і прызнаючы адметнасці, якія існуюць. “Усе вы падзяляеце любоў да вашай краіны і вашага народа, як і вялікую заклапочанасць звязаную з эканамічным крызісам, насіллем і злачыннасцю. Усе вы маеце ў сэрцы будучыню вашых дзяцей і жаданне спакою, якое адрознівае венесуэльцаў. Для ўсіх вас з’яўляецца супольнай вера ў Бога і жаданне бараніць чалавечую годнасць. Менавіта гэта вас аб’ядноўвае і падштурхоўвае пачаць дыялог” у аснове якога “павінна быць сапраўдная культура сустрэчы, якая ўсведамляе, што адзінства заўсёды вышэй за канфлікт”, - напісаў Пантыфік.

Францішак заклікаў венесуэльскія ўлады і апазіцыю да ўзаемнай павагі, гераізма прабачэння і міласэрнасці, якія вызваляюць ад пачуцця нянавісці і адкрываюць на па-сапраўднаму новы шлях. Ён, паводле Святога Айца, патрабуе цярплівасці і адвагі, але з’яўляецца “адзіным, які можа прывесці да міру і справядлівасці”.








All the contents on this site are copyrighted ©.