Папа да студэнтаў і выкладчыкаў: захоўваць гармонію паміж вучобай і малітвай
Тэолаг, які не моліцца
і не аддае пашаны Богу становіцца апанаваным самым безгустоўным нарцысізмам, лічыць
папа Францішак. 10 красавіка 2014 г. у Ватыкане ён сустрэўся з выкладчыкамі і студэнтамі
трох рымскіх папскіх навучальных устаноў, якія дзейнічаюць пад кіраўніцтвам Ордэна
езуітаў – Грыгарыянскага універсітэта, Біблійнага і Усходняга інстытутаў. Пантыфік
заклікаў сабраных цаніць духоўны і гістарычны патэнцыял Вечнага горада, а таксама
памятаць аб важнасці гармоніі паміж вучобай і духоўным жыццём. Святы Айцец падкрэсліў,
што ў Рыме захоўваецца памяць пра апосталаў і мучанікаў, “тут ёсць карані веры”, але,
у той жа час, прысутнічае касцёльнае “сёння”. Гэтымі двума аспектамі, паводле Папы,
трэба жыць і цаніць іх. Важным, на яго думку, з’яўляецца таксама ўзаемадзеянне паміж
выкладчыкамі і студэнтамі, якія паходзяць з розных краін і культур. “Гэта адно з бясцэнных
багаццяў рымскіх устаноў. Яно дае каштоўную магчымасць для росту ў веры і адкрыцця
розуму і сэрца на гарызонт каталіцкасці. Унутры гэтага гарызонта дыялектыка паміж
“цэнтрам” і “перыферыяй” набывае своеасаблівую евангельскую форму, паводле логікі
Бога, Які прыйшоў у цэнтр з перыферыі, каб вярнуцца да яе”, - сказаў Папа.
Францішак
нагадаў, што даследванні і адукацыя становяцца больш плённымі, калі натхняюцца любоўю
да Хрыста і Касцёла, калі захоўваецца гармонія паміж вучобай і малітвай. “Філасофія
і тэалогія дазваляюць набыць веды, якія стурктуруюць і ўмацоўваюць розум і асвятляюць
волю. Але ўсё гэта становіцца плённым, калі здабываецца з адкрытым розумам і на каленях.
Тэолаг, які задавальняецца сваім укамплектаваным і завершаным мысленнем – пасрэдны”,
- сказаў Папа і дадаў, што добры тэолаг і філосаф заўсёды адкрыты на веліч Бога і
праўду; ён развіваецца і імкнецца да пазнання.
Святы Айцец пажадаў, каб Папскія
навучальныя ўстановы не былі “проста машынамі для вытворчасці тэолагаў і філосафаў”,
але супольнасцямі, у якіх можна ўзрастаць. Рост адбываецца ў сям’і, адзначыў Францішак
і заклікаў спрыяць таму, каб універсітэцкія супольнасці адпавядалі гэтаму паняццю
праз блізкі кантакт і ўзаемадзянне паміж усімі іх членамі.