2014-04-08 13:48:37

Святы Айцец сустрэнецца з дзецьмі з рымскіх і неапалітанскіх школ


RealAudioMP3 Новы этап ватыканскай ініцыятывы па дыялогу паміж вернікамі і няверуючымі “Падворак язычнікаў” пачаўся 8 красавіка 2014 г. у Вашынгтоне. ЗША – гэта краіна з глабалізаванай культурай, якая нараджае шмат пытанняў, што тычацца веры, лічыць кардынал Джанфранка Равазі, старшыня Папскай рады па культуры, галоўнага арганізатара сустрэч. Чатырохдзённы форум у сталіцы ЗША пройдзе на тэму “Вера, культура і агульнае дабро”. Удзельнікаў, перш за ўсё, будуць цікавіць адносіны паміж грамадствам і дзяржавай, паміж супольнасцю, якая носіць у сабе рэлігійны досвед, і палітычнай уладай, якая захоўвае сваю ўласную ідэнтычнасць. У ЗША, на думку ватыканскага іерарха, свет палітыкі мае моцную зацікаўленасць у свеце рэлігійным. У дыскусіях прыме ўдзел творчая інтэлігенцыя розных веравызнанняў. Яны пройдуць у Кэнэдзі-цэнтры, Джорджтаўнскім універсітэце і Бібліятэцы Кангрэсу. Размова пойдзе між іншым пра ўклад розных рэлігій і культур ва ўзбагачэнне грамадзянскага і дэмакратычнага жыцця і супрацоўніцтва з заканадаўчай уладай і сродкамі масавай інфармацыі для агульнага дабра.

Кардынал Равазі паведаміў таксама, што ў маі пройдзе чарговы этап “Падворка дзяцей”. Ініцыятыва ўзяла свой пачатак у 2012 г. у Палерма. Самай значнай акцыяй ў яе рамках стала пілігрымка дзяцей у Ватыкан у 2013 г. Тады на цягніку з Мілана на сустрэчу з Папам Францішкам прыбыло каля 300 дзяцей. Новы этап пройдзе з удзелам вучняў шасці пачатковых школ у Неапалі і двух ў Рыме. Яны наведаюць катакомбы Прысцылы і санктуарый св. Януарыя. 31 мая 2014 г. на цягніку з Неапаля яны накіруюцца ў Рым, каб сустрэцца з Папам, наведаць Ватыкан і Калізей.

Мэтай “Падворка дзяцей”, патлумачыў ватыканскі іерарх, з’яўляецца лепшае знаёмства падрастаючага пакалення паміж сабой. Гэта магчымасць лепш пазнаць адзін аднаго, абмяняцца думкамі адносна мастацтва, культуры і духоўнасці.







All the contents on this site are copyrighted ©.