2014-04-07 13:50:38

Папа: Бог даруе не нейкім указам, а дотыкам любові


RealAudioMP3 Папа патлумачыў, чым з’яўляецца Божая міласэрнасць. Яго гамілія падчас ранішняй св. Імшы 7 красавіка 2014 г. была заснавана на аналізе евангельскага фрагменту аб жанчыне, якую злавілі на чужаложстве і, паводле закону Майсея, павінны былі ўкаменаваць. Папа адзначыў, што сужэнства, як чалавечая рэчаіснасць, з’яўляецца таксама сімвалам адносін паміж Богам і Яго народам. Калі сужэнства руйнуецца праз чужаложства, гэта прыводзіць таксама да парушэнне адносін паміж Богам і чалавекам. Францішак адзначыў, што Евангелле гаворыць з некаторай іроніяй, што абвінаваўцы пасля слоў Езуса: “Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень”, адышлі адзін за адным, пачынаючы са старэйшых. Прычым Хрыстус не кажа жанчыне, што яна нявінная; Ён проста ёй даруе. Не кажа, што чужаложства – гэта не грэх, але і не асуджае яе. “Гэта таямніца міласэрнасці Езуса”, - сказаў Папа, адзначыўшы, што яе не так проста зразумець. Яна не адпускае грахі – гэта робіць Божае прабачэнне – але з’яўляецца тым, дзякуючы чаму Бог даруе, адзначыў Святы Айцец.

Езус мог сказаць жанчыне: я прабачаю табе грахі, ідзі ў супакоі, як Ён рабіў гэта неаднойчы. Тут Ён кажа: “Ідзі, і адгэтуль больш не грашы”. Гэтым Езус дэманструе сваё міласэрнае стаўленне – Ён бароніць грэшніка ад яго ворагаў, ад справядлівага асуджэння. Таксама адбываецца і ў нашым выпадку, лічыць Пантыфік.

Францішак адзначыў, што міласэрнасць робіць жыццё чалавека такім, што грэх нібыта адкладзены ў бок – яно як неба. “Мы глядзім на неба і бачым шмат зорак, але калі сонца ўзыходзіць раніцай, калі шмат святла, зоркі не бачныя.Такая Божая міласэрнасць – вялікае святло любові і пяшчоты”, - сказаў Папа і дадаў, што Бог не даруе нейкім указам, але дотыкам любові, абвязваючы нашы раны, нанесеныя грахом.







All the contents on this site are copyrighted ©.