2014-04-07 12:08:55

Пантыфік аб сапраўдным “духоўным абмярцвенні”


RealAudioMP3 Пра надзею размаўляў Святы Айцец з дзецьмі ў рымскай парафіі св. Грыгорыя Вялікага. Ён наведаў размешчаную ў паўднёва-заходняй частцы Вечнага горада супольнасць 6 красавіка 2014 г. вечарам. Мець надзею сёння не лёгка, адзначыў Папа, таму што навокал так шмат дрэнных рэчаў, хвароб, маладых людзей без працы, тых, хто страціў веру і не ведае, куды ісці. Але без надзеі жыць не можна, падкрэсліў Святы Айцец, бо калі яе няма, чалавек ідзе па жыцці без мэты. Менавіта яна стымулюе да творчасці, нараджэння дзяцей, працы. Гэта дар Божы. Таму трэба адкрыць сэрца на Бога, і Ён дасць надзею. Францішак атрымаў ад дзяцей малюнак, на якім быў прадстаўлены Касцёл як карабель у моры падчас шторму.

У гаміліі падчас св. Імшы ў парафіяльным касцёле Пантыфік адзначыў, што ў сэрцы кожнага ёсць зоны, якія можна назваць абмярцвелымі. У некаторых іх так шмат, што можна гаварыць аб “сапраўдным духоўным абмярцвенні”. Гэта стан людзей, якія адчуваюць сябе далёкімі ад Божай ласкі і не асмельваюцца прасіць прабачэння сваіх грахоў. “Толькі сіла Езуса можа дапамагчы нам выйсці з гэтай глыбокай магілы граху, якая ёсць у кожнага. Але часта мы вельмі прывязаны да сваіх надмагільных плітаў і не жадаем ад іх адмовіцца. Наша душа пачынае тады вылучаць непрыемны пах – пах граху”, - сказаў Папа. Францішак спаслаўся на Евангелле аб уваскрасенні Лазара і адзначыў, што Бог жадае вызваліць кожнага з труны граху, бо Ён мае ўладу вяртання жыцця памерлым.

Таксама як і падчас учарашняга спаткання на плошчы св. Пятра, вернікі парафіі св. Грыгорыя Вялікага ў падарунку ад Папы атрымалі “кішэнныя” Евангеллі. “Насіце іх з сабой заўсёды, разгортвайце і чытайце любы фрагмент, стоячы ў чарзе або седзячы ў аўтобусе”, - пажадаў Святы Айцец.

Падчас свайго візіту Францішак сустрэўся таксама з хворымі, размаўляў з заручанымі і бацькамі нядаўна ахрышчаных дзяцей, а таксама з былымі вязнямі і наркаманамі. У падарунка ад парафіі ён атрымаў чорны партфель, падобны на той, што выкарыстоўвае падчас падарожжаў за межы Ватыкану. Ён быў напоўнены лістамі ад вернікаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.