2014-04-06 14:32:49

Святы Айцец узгадаў генацыд у Руандзе


RealAudioMP3 Дзве сумныя падзеі ўзгадаў 6 красавіка 2014 г. Святы Айцец падчас сустрэчы з вернікамі на ватыканскай плошчы. 7 красавіка будзе азнаменавана дваццатай гадавінай генацыду, здзейсненага супраць народу племя тутсі ў Руандзе. З гэтай нагоды Пантыфік выказаў сваю айцоўскую блізкасць да народа Руанды і заахвоціў яго працягваць працэс прымірэння і духоўнага аднаўлення краіны. Ён заклікаў не баяцца будаваць будучыню на скале Евангелля, бо любоў і гармонія, гэта адзіны спосаб пабудовы трывалага міру. Святы Айцец нагадаў, што на мінулым тыдні сустракаўся ў Ватыкане з руандзійскімі біскупамі, якім пераказаў сваё благаслаўленне для народу краіны.

Францішак нагадаў, што дакладна пяць гадоў таму адбыўся землятрус ў італьянскай Аквіле і яе ваколіцах. “У гэты момант мы хочам паяднацца з супольнасцю, якая так шмат пацярпела і ўсё яшчэ пакутуе, змагаецца і мае надзею, давяраючы Богу і Панне Марыі”, - сказаў Пантыфік. Ён заахвоціў да малітвы за ўсіх ахвяр і за “уваскрасенне” народу Аквілы і нагадаў, што салідарнасць і духоўнае адраджэнне з’яўляюцца сілай аднаўлення матэрыяльнага.







All the contents on this site are copyrighted ©.