2014-04-06 14:09:50

Пантыфік не супраць чытання Бібліі з дапамогай высокатэхналагічных прылад


RealAudioMP3 “Простым жэстам” з вялікім значэннем назваў Святы Айцец ініцыятыву, якая праводзілася 6 красавіка 2014 г. на плошчы св. Пятра. Кожны з вернікаў, які прыйшоў сюды, меў магчымасць атрымаць “кішэннае” Евангелле. Натхняльнікам ініцыятывы стаў сам папа Францішак. На працягу некалькіх нядзель ён заахвочваў вернікаў пастаянна насіць з сабой невялікае Евангелле, каб штодзённа чытаць невялікі фрагмент з яго. Пантыфік прызнаўся, што ўзгадаў старажытную традыцыю Касцёла, падчас Вялікага посту ўручаць Евангелле катэхумэнам, якія рыхтаваліся прыняць хрост. “Вазьміце яго, вазьміце з сабой, і чытайце яго кожны дзень. Гэта Езус гаворыць з вамі ў ім!”, - сказаў ён да сабраных на ватыканскай плошчы.

Святы Айцец адзначыў, што невялікія Евангеллі распаўсюджваліся бясплатна. “Дарам атрымалі, дарам давайце, нясіце пасланне Евангелля!”, - заклікаў ён. Калі хтосьці ўсё ж пажадае нечым “аплаціць” атрыманую кнігу, Папа прапанаваў зрабіць гэта малітвай за ворагаў, справай міласэрнасці або прабачэннем непрыяцеля.

Хоць вернікі атрымалі Евангелле у “традыцыйным” фармаце, як кнігу, Папа не супраць, каб Божае слова чытаць з дапамогай высокатэхналагічных прылад. “Вы можаце насіць з сабой Біблію ў мабільным тэлефоне або планшэце”, - адзначыў ён і дадаў, што “важна чытаць Божае слова з дапамогай любых сродкаў”, галоўнае, заўсёды чытаць яго і слухаць, што Езус кажа нам.

Сёння на плошчы св. Пятра былі раздадзены тысячы Евангелляў. Ініцыятыву рэалізавала Апостальская элемазінарыя, якая запрасіла для дапамогі 150 валанцёраў, рымскіх семінарыстаў і сясцёр Маці Тэрэзы. Кішэнная кніга была надрукавана ў Ватыканскай тыпаграфіі і змяшчае чатыры Евангеллі і Дзеі апосталаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.