2014-04-05 12:42:26

Пантыфік павіншаваў новага Прадстаяцеля Сірыйскай Праваслаўнай Царквы


RealAudioMP3 Пажаданні далейшага развіцця братніх адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Сірыйскай Праваслаўнай Царквой выказаў папа Францішак у віншавальнай тэлеграме на імя яе новага Прадстаяцеля, Патрыярха Ігнацыя Яфрэма II. “З вялікай радасцю, я прыняў навіну аб выбары Вашага Свяцейшаства на Патрыярха Антыяхійскага і ўсяго Усходу і Вярхоўнага Прадстаяцеля Паўсюднай Сірыйскай Праваслаўнай Царквы”, - напісаў Святы Айцец. Ён дадаў, што “свае найлепшыя пажаданні і малітоўную салідарнасць” перадае таксама духавенству і вернікам Царквы, молячыся, каб “Святы Дух надарыў сваім багатым бласлаўленнем ганаровае служэнне” новага Патрыярха.

Францішак пажадаў, каб ён быў “духоўным айцом свайго народа і нястомным будаўніком спакою і справядлівасці, служачы агульнаму дабру і дабру ўсяго Блізкага Усходу ў сённяшніх цяжкіх умовах”. Святы Айцец падкрэсліў, што ўсе хрысціяне павінны даваць сведчанне любові і супольнасці”, памятаючы малітву Хрыста падчас Апошняй Вячэры аб адзінстве сваіх вызнаўцаў.

Пантыфік падзякаваў Усемагутнаму Богу за сувязь братэрства, якая існуе паміж Каталіцкім Касцёлам і Сірыйскай Праваслаўнай Царквой і выказаў надзею, што сяброўства і дыялог паміж двума Цэрквамі будуць паглыбляцца.

Ігнацый Яфрэм II быў абраны Патрыярхам Антыяхійскім і ўсяго Усходу 31 сакавіка 2014 г. Ён стаў наступнікам Патрыярха Ігнацыя Закі І Іваса, які памёр 21 сакавіка 2014 г. ва ўзросце 80-ці гадоў. На сённяшні дзень Сірыйская Праваслаўная Царква налічвае каля 4 млн. вернікаў, якія пражываюць пераважна ў Сірыі, Ліване і Іраку. Яна з’яўляецца монафізіцкай і адносіцца да “нехалкедонскіх” Цэркаваў, якія не прынялі вучэнне Халкедонскага Сабора ў 451 г. аб падвойнай прыродзе Хрыста – Боскай і чалавечай.







All the contents on this site are copyrighted ©.