2014-04-04 10:53:45

Папа заклікаў біскупаў Руанды спрыяць адбудове мірнага жыцця


RealAudioMP3 Касцёл у Руандзе павінен спрыяць адбудове мірнага грамадскага жыцця і дапамагаць насельніцтву пераадольваць забабоны і этнічныя падзелы, лічыць папа Францішак. 3 красавіка 2014 г. у Ватыкане ён сустрэўся з епіскапатам гэтай краіны, які здзяйсняе візіт “ad limina Apostolorum”. Пантыфік звярнуў увагу біскупаў на наступствы генацыду, які пачаўся ў гэтай афрыканскай краіне 20 гадоў таму і па некаторых дадзеных забраў амаль мільён жыццяў. На думку Папы, лячэнне глыбокіх ран, нанесеных насельніцтву гэтымі трагічнымі падзеямі, павінна заставацца прыярытэтным заданнем мясцовага Касцёла. Неабходна спрыяць прабачэнню і сапраўднаму прымірэнню, якія могуць здаваццца немагчымымі з чалавечага пункту гледжання, але з’яўляюцца дарам, што можна атрымаць ад Хрыста праз веру, малітву, цярплівасць, узаемную павагу і дыялог, нагадаў Францішак.

Папа заклікаў іерархаў спрыяць прымірэнню праз сведчанне аб евангельскіх праўдах. Каб яны глыбока краналі і змянялі сэрцы людзей, мясцовы Касцёл павінен быць паяднаны ў любові і “прамаўляць адзіным голасам”. Францішак падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва з дзяржавай, заклікаў “выходзіць” насустрач праблемам і праяўляць ініцыятыву, спрыяючы абароне годнасці людзей, справядлівасці і міру.








All the contents on this site are copyrighted ©.