2014-04-04 11:57:06

Ватыканская дыкастэрыя патрабуе абароны правоў цыган


RealAudioMP3 Касцёл павінен не толькі спрыяць знаёмству цыган з Евангеллем, але таксама іх інтэграцыі ў жыццё грамадства. Пра гэта гаворыцца ў спецыяльным пасланні Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў, скіраваным да членаў Міжнароднага каталіцкага камітэта па праблемах цыган, пасяджэнне якога праходзіць зараз у Венецыі. У дакуменце адзначаецца, што цыгане “маюць патрэбу у чалавечнасці грамадстваў, у якіх жывуць, каб адчуваць сябе членамі чалавечай сям’і”, таму павінны карыстацца аднолькавымі правамі з іншымі членамі супольнасці. У Еўрапейскім саюзе цыгане з’яўляюцца самай вялікай этнічнай меншасцю і таму павінны афіцыйна прызнавацца ў якасці такой, падкрэсліваецца ў пасланні Папскай рады.

Сярод прыярытэтаў Касцёла ў дадзенай сферы павінна быць разбурэнне муроў ізаляцыя і маргіналізацыі цыган, якія існуюць у многіх еўрапейскіх краінах і часта з’яўляюцца наступствамі палітычных рашэнняў. Душпастыры цыган, несучы Евангелле, павінны браць на сябе цяжар паствы і знішчаць варожасць, якая існуе ў адносінах да яе ў грамадствах, перакананыя ў ватыканскай дыкастэрыі. Адзначаецца, што пачынаць гэту працу неабходна з перамены сэрцаў: калі “не будзе адкрытых сэрцаў, будзе няпроста зрабіць адкрытае грамадства”.

Касцёл павінен натхняць супольныя намаганні ўсіх складаючых грамадства для больш годнага жыцця цыган і іх інтэграцыі. Жыццё ў бараках і на ўзбочынах гарадскіх вуліц, уздоўж аўтамабільных дарог і індустрыяльных зон, без вады, электрычнасці, сістэмы збору смецця, якое вядуць цыгане, з’яўляецца “скандалам, з якім нельга пагаджацца”, гаворыцца ў пасланні. Звяртаецца ўвага, што ў многіх краінах цыгане не маюць права на медыцынскае абслугоўванне па прычыне адсутнасці дакументаў ці нежадання работнікаў сферы аховы здароўя наведваць месцы іх пражывання.








All the contents on this site are copyrighted ©.