2014-04-03 10:47:45

Папа спачувае ахвярам землятрусу ў Чылі


RealAudioMP3 Папа Францішак скіраваў словы спачування і падтрымкі ахвярам землятрусу, які адбыўся 2 красавіка 2014 г. на поўначы Чылі. У пасланні на імя арцыбіскупа Санц’яга-дэль-Чылі, кардынала Рыкарда Эсаці Андрэліа, Святы Айцец прызнаўся, што быў засмучаны навіной аб стыхійным бедстве, якое прывяло да смерці людзей і матэрыльнай шкоды. “Хачу выказаць усім чылійцам маю блізкасць і любоў. Малю Бога, каб даў вечны адпачынак загінуўшым, суцяшэнне тым, хто перажыў наступствы гэтага сумнага здарэння, і, адначасова, каб напоўніў усіх пачуццём надзеі для перамогі над бядой”, - напісаў Папа.

Падземныя штуршкі магнітудай да 8,2 балаў справакавалі цунамі, пажары, апоўзні і разбурэнні, пашкодзілі электрычную інфраструктуру на поўначы Чылі. Ёсць загінулыя і шмат параненых. Многія засталіся без даху над галавой. Небяспечную для жыцця тэрыторыю пакінулі каля 900 тыс. чалавек, бо падземныя штуршкі ўсё яшчэ працягваюцца.

Святы Айцец звярнуўся таксама да хрысціянскай супольнасці, грамадскіх інстытутаў і ўсіх людзей добрай волі з заклікам аб дапамозе ахвярам землятрусу ў духу шчодрасці і братэрства.








All the contents on this site are copyrighted ©.