2014-04-03 14:21:11

Пантыфік далучыў да спісу святых трох благаслаўлёных


RealAudioMP3 Папа Францішак далучыў да спісу святых і пашырыў на ўвесь Касцёл літургічны культ трох благаслаўлёных: канадскага біскупа Франсуа дэ Лаваля, іспанскага езуіта і місіянера кс. Хасэ дэ Анчыеты, а таксама канадскай законніцы Марыі ад Уцелаўлення. Адпаведнае рашэнне Святы Айцец прыняў 3 красавіка 2014 г. Франсуа дэ Лаваль нарадзіўся ў 1623 г. у Францыі ў заможнай і пабожнай каталіцкай сям’і. Нёс святарскае служэнне ў розных французскіх дыяцэзіях, вылучаўся сціпласцю, аскетызмам і глыбокай верай. У 1659 г. адправіўся на місіі ў Канаду, дзе стварыў шматлікія парафіі, адкрыў шпіталі, школы, семінарыю ў Квэбэку, заснаваў некалькі жаночных манаскіх супольнасцяў. Франсуа дэ Лаваль бараніў правы карэннага насельніцтва і захоўваў вернасць Папе, нягледзячы на ціск, які на яго аказваўся з боку прыхільнікаў стварэння незалежнага ад Рыма “французскага Касцёла”. Праз дзесяць гадоў пасля атрымання біскупскай сакры сышоў на пенсію і жыў у беднасці і малітве ў квэбэкскай семінарыі, дзе і памёр ва ўзросце 85 гадоў ў 1708 г. У 1980 г. ён стаў адным з першых благаслаўлёных, беатыфікаваных Янам Паўлам ІІ.

Марыя ад Уцелаўлення таксама мела французскае паходжанне і працавала ў Канадзе. Яна нарадзілася на мяжы ХVI-ХVII ст. Была жонкай і маці, але пасля смерці мужа даверыла сына пад апеку сваёй сястры і ўступіла ў манаскую супольнасць “Рымскі саюз Ордэна св. Уршулі”. З 1639 г. выконвала служэнне ў канадскім Квэбэку, дзе заснавала кляштар і новую галіну сясцёр-уршулянак.

Іспанскі святар Хасэ дэ Анчыета вядомы як апостал Бразіліі. Ён прыбыў у гэту краіну праз 53 гады пасля яе адкрыцця, у 1553 г. Хутка вывучыў мову мясцовых індзейцаў і актыўна абвяшчаў Евангелле сярод іх. Місіянер лічыцца заснавальнікам такіх вялікіх бразільскіх гарадоў як: Сан-Паўлу і Рыа-дэ-Жанейра.

Акрамя таго папа Францішак зацвердзіў дэкрэты, пацвярджаючыя цуды праз заступніцтва пяці благаслаўлёных і гераічнасць цнотаў васьмі Слуг Божых: біскупаў, святароў, законнікаў, законніц і свецкіх вернікаў з Італіі, Іспаніі, Індыі, Францыі і Бразіліі.








All the contents on this site are copyrighted ©.