2014-04-03 11:32:29

Недалёка ад Мінска адновяць “Беларускую кальварыю”


RealAudioMP3 У парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі распачынаюць аднаўляць “Беларускую кальварыю” – 14 капліц, якія сімвалізуюць Крыжовы шлях Езуса Хрыста. Гэта духоўная і культурная каштоўнасць, якіх некалькі ў свеце, а ў Беларусі яна адзіная. Гісторыя “Беларускай кальварыі” распачалася яшчэ ў XVIII ст., кажа брат Андрэй Журко з мядзельскай парафіі: “Першую Кальварыю айцы пабудавалі ў XVIII ст. У Польшчы ёсць такая Забжыдоўская Кальварыя, ёсць у Ерузалеме Крыжовы шлях – гэткі ж Крыжовы шлях пабудавалі і тут у Мядзелі. Гэта было прыблізна 27 капліц, з дапамогай якіх – як і ў кожным касцёле – была паказана мука Хрыста. Толькі гэта было выяўлена ў капліцах, якія пачыналіся ад касцёла і выходзілі за мястэчка Мядзель. Але пасля Лістападаўскага паўстання гэтыя капліцы знішчылі, айцы таксама адгэтуль выехалі. Але пазней, у ХІХ ст., айцы вярнуліся сюды і наноў адбудавалі Крыжовы шлях, але капліц было ўжо крыху менш, чым першы раз. Пасля вайны, за гады камунізму і гэтая кальварыя была знішчана, а касцёл закрыты. Ну і зараз маем такое прагненне наноў адбудаваць Кальварыю, трэці раз ужо”.

Паводле брата Андрэя, адпаведна распрацаванаму праекту адноўленая “Беларуская кальварыя” будзе распачынацца ўваходнай “Брамай прабачэння” і складацца з 14 капліц памерам тры на два з паловаю метры. Цэгла, камень і дрэва – асноўныя матэрыялы, з якіх будуць вырабленыя капліцы і выявы Крыжовага шляху. Размесцяцца яны на тэрыторыі двух кіламетраў у ваколіцы Мядзеля і маюць стаць візітоўкай горада.

Мясцовыя ўлады выдзелілі зямлю, а будоўля распачнецца на ахвяраванні парафіянаў і дабрачынцаў. Менавіта вернікі спрычыніліся да ідэі аднаўлення святыні, кажа брат Андрэй: “Калісьці яна была вельмі слынная – Кальварыя. Шмат людзей збіралася, з Вільні прыходзілі пілігрымы. А ў 1995 г. ізноў аднавіўся гэты культ Кальварыі – людзі самі сталі збірацца і паставілі крыжы ў гэтых месцах. І ад 1995 г. людзі збіраюцца двойчы на год, таксама прыходзяць пілігрымы. І мы, айцы кармеліты, адчуваем такую патрэбу, што Кальварыя павінна аднавіцца. І таму вось у гэтых месцах, дзе зараз стаяць крыжы, і будзем будаваць новыя капліцы. Таксама ёсць гара Трох крыжоў – з яе бачныя прыгожыя краявіды Нарачы, Мядзельскага возера. На гэтай гары маем вялікі палявы алтар, дзе адпраўляем св. Імшу падчас урачыстасці. Будзем таксам аднаўляць гэтыя крыжы – паставім адзін вялікі крыж вышынёю 9 метраў і два меншыя, каб аднавіць гэтую Крыжовую гару”.

“Беларускую кальварыю” у Мядзелі аднаўляюць айцы з ордэна Кармелітаў Босых, якія працуюць у шасці парафіях Беларусі. Але духоўна іх намаганні падтрымліваюць таксама іншыя святары Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пра важнасць аднаўлення рэлігійнай каштоўнасці кажа пробашч парафіі ў вёсцы Крывічы Мядзельскага раёну айцей Віктар Шчучко, які сам родам з Мядзеля: “Кальварыя – гэта месца, дзе, як ведаем, Пан Езус цярпеў на крыжы і памёр за нашыя грахі. Як бачыце – для людзей гэта вельмі важна. Бо многія сёння жывуць багаццем гэта света, але жыць трэба і тым, чаго ад нас чакае Езус Хрыстус. А менавіта – жыць па-праўдзе і дапамагаць адно аднаму. Праз гэта ўзрастае дух чалавека і вельмі многія людзі навяртаюцца да Пана Бога, становяцца лепшымі”.

Будаўніцтва “Беларускай кальварыі” айцы кармеліты маюць распачаць у маі, а завершыць ўжо восенню. 14 верасня – у свята Узвышэння Святога Крыжа – яны плануюць асвяціць адноўлены Крыжовы шлях Езуса Хрыста, прымеркаваўшы ўрачыстасць да 260-годдзя мядзельскага касцёла Маці Божай Шкаплернай.

Каміла Фаўстовіч, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.