2014-04-02 11:35:31

Папская рада па сродках масавай камунікацыі адзначае 50-годдзе


RealAudioMP3 Папская рада па сродках масавай камунікацыі 2 красавіка 2014 г. адзначае сваё 50-годдзе. У 1964 г., калі яшчэ працягваўся ІІ Ватыканскі Сабор, Павел VI стварыў Папскую камісію па сродках масавай камунікацыі – папярэдніцу Рады. У яе склад увайшлі эксперты па кіно, радыё, тэлебачанні і прэсе, якія павінны былі дапамагчы распрацаваць праграму выкарыстання розных форм сродкаў масавай інфармацыі ў распаўсюдзе Евангелля. Ужо праз некалькі месяцаў Пантыфік асабіста наведаў штаб-кватэру дыкастэрыі, а праз тры гады ўстанавіў Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі. 28 чэрвеня 1988 г. Ян Павел II надаў гэтаму органу статус Папскай рады.

У Апостальскай канстытуцыі “Pastor Bonus”, якая акрэслівае кампетэнцыі дыкастэрый Рымскай курыі, гаворыцца, што Папская рада па сродках масавай камунікацыі адказвае за пытанні, якія тычацца сродкаў сацыяльных сувязяў, каб з іх дапамогай чалавечы прагрэс і вестка збаўлення маглі прыносіць карысць свецкай культуры і маралі. Галоўная задача Рады складаецца ў тым, каб заахвочваць і падтрымліваць намаганні Касцёла ў шматлікіх формах сацыяльнай сувязі.

У цяперашні час у Папскай радзе па сродках масавай камунікацыі працуе 20 штатных супрацоўнікаў на чале са старшынёй, арцыбіскупам Клаўдыё Марыя Чэлі.







All the contents on this site are copyrighted ©.