2014-04-01 11:18:51

Апостальская Сталіца правядзе візітацыю Брацтва св. Пятра


RealAudioMP3 Святы Пасад упаўнаважыў пастыра швейцарскай дыяцэзіі Кур, біскупа Вітуса Хёндэра, да візітацыі святарскага Брацтва св. Пятра. Пра гэта паведаміў сам іерарх на сайце дыяцэзіі. Размова ідзе пра свайго роду “кантроль якасці” касцёльнай супольнасці – так выразіўся біскуп – за якую з боку Апостальскай Сталіцы адказвае Папская камісія “Ecclesia Dei”. Візітацыю плануецца завершыць да канца 2014 г. Швейцарскаму іерарху будуць дапамагаць яшчэ два біскупы. Яна мае звычайны характар. Такія візітацыі будуць ажыццяўляцца і ў іншых касцёльных супольнасцях.

Брацтва св. Пятра паўстала ў 1988 г. і зыходзіць сваімі каранямі да заснаванага арцыбіскупам Марсэлем Лефэўрам Брацтва св. Пія X. Налажэнне Апостальскай Сталіцай экскамунікі на біскупаў, якія ўваходзілі ў апошнюю з названых супольнасцяў 1 ліпеня 1988 г. дало штуршок частцы святароў і вернікаў аддзяліцца ад яе і 18 ліпеня 1988 г. заснаваць у рамках Каталіцкага Касцёла Брацтва св. Пятра.

Супольнасць цэлебруе Эўхарыстыю ў “надзвычайным абрадзе”. Паколькі Брацтва было заснавана як святарскае і ў свой склад магло ўключаць толькі святароў або семінарыстаў, у 2006 г. у яго рамках паўстала асобная супольнасць свецкіх вернікаў. У цяперашні час Брацтва св. Пятра мае каля 240 святароў і 150 семінарыстаў, якія служаць у шэрагу еўрапейскіх краін, а таксама ў Аўстраліі, Беніне, Канадзе, Калумбіі, Нігерыі і ЗША.







All the contents on this site are copyrighted ©.