2014-03-31 15:55:08

Экалагічныя праблемы абмеркавалі ў Ватыкане


RealAudioMP3 Для стварэння мадэлі па сапраўднаму ўстойлівага развіцця неабходна тры вялікія пераўтварэнні: новая энергетычная сістэма здольная паменшыць выраб дыяксіду вугляроду, больш устойлівая сельская гаспадарка і выхаванне ў новых пакаленняў павагі да навакольнага асяродзя, лічыць амерыканскі даследчык і старшыня “Earth Institute” Калумбійскага ўніверсітэта Джэфры Сачс. Навуковец прыняў удзел у канферэнцыі пад назвай “Сям’я, барані стварэнне”, якая прайшла ў Ватыкане 29 сакавіка 2014 г. па ініцыятве Папскай рады па справах сям’і і асацыяцыі “Greenaccord”.

У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё Джэфры Сачс расказаў, што кліматычныя змены, якія адбываюцца зараз з’яўляюцца “драматычнымі”. Яшчэ некалькі гадоў таму некаторымі дзяржавамі было прынята рашэнне садзейнічаць паменьшэнню тэмпературы на планеце прынамсі на 2 градусы, але сітуацыя не толькі не змянілася, а нават пагоршылася – сярэдняя тэмпература павелічылася на 4 градусы, расказаў ён. Навуковец звярнуў увагу на шматлікія прыродныя катаклізмы, які здараюцца ў розных частках свету і выказаў спадзяванне на пазітыўныя змены, у сувязі з пасяджэннем ААН на тэму клімата ў снежні 2015 г.

Прысутны на ватыканскай канферэнцыі генеральны сакратар Сінода Біскупаў кардынал Ларэнца Балдзісэры адзначыў, што падчас форума ў першую чаргу падкрэслівалася важная роля сем’яў у навучанні павазе да навакольнага асяродзя. Гэта яе функцыя будзе таксама абмяркоўвацца падчас наступнага Сінода Біскупаў па праблемах сям’і, расказаў ён. Паводле пурпурата, існуе блізкая сувязь паміж экалагічнымі праблемамі прыроды і крызісам экалогіі чалавека. Ён нагадаў, што адным са шляхоў іх пераадолення з’яўляецца сціпласць і непрыняцце культуры спажывецтва.








All the contents on this site are copyrighted ©.