2014-03-31 12:58:03

Святы Айцец: не блукаць у духоўным жыцці, але рабіць крокі наперад


RealAudioMP3 Папа Францішак заклікаў не блукаць па жыцці, у тым ліку духоўным, але цвёрда рушыць насустрач Божым абяцанням. З такімі словамі Святы Айцец звярнуўся падчас ранішняй Эўхарыстыі 31 сакавіка 2014 г. У сваёй гаміліі Пантыфік вылучыў некалькі катэгорый вернікаў: тых, якія ідуць за абяцаннямі Пана па працягу ўсяго жыцця, якіх хрысціянскае жыццё стамляе, якія памыліліся дарогай і якія проста блукаюць па жыцці без мэты, становячыся “экзістэнцыяльнымі турыстамі”. Гаворачы пра так званых “нерухомых хрысціян”, Францішак адзначыў, што яны маюць “слабую надзею”: выконваюць прыказанні, вераць, што будуць у Небе, але не рухаюцца. “Пан не можа зрабіць з іх зачын для свайго народу, бо яны не рухаюцца. Праблема заключаецца у іх нерухомасці. Таксама сярод іх і нас, ёсць тыя, якія памыліліся дарогай: усе мы часам памыляемся дарогай, і гэта ведаем. Праблема аднак не ў тым, каб не памыляцца дарогай, але ў тым, каб не вяртацца, калі зразумеем, што памыліліся”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў, што прыкладам чалавека вернага абяцанням Пана з’яўляецца прыдворны з Евангелля паводле св. Яна, пра якога ішла гаворка ў Літургіі слова. Ён прасіў Езуса вылечыць ягонага паміраючага сына, а як толькі пачуў адказ Пана, адразу выканаў Яго волю. Супрацьлеглая гэтаму чалавеку група, на думку Папы, “больш небяспечная” – у яе ўваходзяць людзі, якія падманваюць самі сябе: яны “крочаць, але не праходзяць шлях”.

“Гэта хрысціяне блукаючыя: блукаюць, блукаюць нібыта жыццё, гэта экзістэнцыяльны турызм, без мэты, без сур’ёзнага прыняцца абяцанняў. Гэтыя блукаючыя падманваюць самі сябе, таму што кажуць: “Я крочу!” Не, ты не крочыш, ты блукаеш”, - сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што Пан кліча вернікаў не спыняцца, не памыляцца шляхам, не блукаць, але крочыць па жыцці наперад, насустрач Яго абяцанням, як чалавек з Евангелля, які паверыў слову Езуса! На думку Францішка Вялікі пост з’яўляецца цудоўнай нагодай, каб падумаць аб сваім жыцці: навярнуцца, калі з’яўляемся “нерухомымі”, паспавядацца – калі памыліліся дарогай, зрабіць крок наперад, замест таго, каб блукаць без мэты.







All the contents on this site are copyrighted ©.