2014-03-29 13:40:28

Францішак выказаў жаданне наведаць рэгіён Калабрыя


RealAudioMP3 Папа Францішак жадае наведаць італьянскую дыяцэзію Касана-алла-Ёніа на поўдні Італіі, паведаміў 29 сакавіка 2014 г. мясцовы біскуп і нядаўна прызначаны Пантыфікам сакратар Канферэнцыі Біскупаў Італіі Нунцыа Галанціна. Падчас сустрэчы з духавенствам і свецкімі вернікамі дыяцэзіі іерарх расказаў, што Папа падзяліўся сваім жаданнем з ім падчас прыватнай аўдыенцыі 27 сакавіка. Паводле іерарха, канкрэтная дата візіту Святога Айца будзе вызначана пазней. Дыяцэзія Касана-алла-Ёніа знаходзіцца ў рэгіёне Калабрыя, недалёка ад узбярэжжа Міжземнага мора. Яна налічвае каля 17 тыс. вернікаў. Францішак ужо звяртаўся да іх з просьбай “забраць” іх пастыра, калі вырашыў прызначыць біскупа Нунцыа Галанціна сакратаром Канферэнцыі Біскупаў Італіі 28 снежня 2013 г. “Я не меў яшчэ задавальнення пазнаёміцца з вамі асабіста, але спадзяюся змагу зрабіць гэта ў бліжэйшы час”, - напісаў Пантыфік вернікам у спецыяльным пасланні. Адначасова Папа заклікаў біскупа Галанціна, прынамсі час ад часу наведваць сваю дыяцэзію і працягваць суправаджаць паству на шляху веры.








All the contents on this site are copyrighted ©.