2014-03-29 13:32:26

Папа: толькі прызнаючы сваю слабасць можна будаваць братэрскія і салідарныя адносіны


RealAudioMP3 29 сакавіка 2014 г. папа Францішак сустрэўся з членам двух італьянскіх дабрачынных асацыяцый: Апостальскага руху невідушчых і Малой місіі для глухіх, якіх прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане. Звяртаючыся да сабраных, Пантыфік заклікаў паразважаць на тэму “Сведкі Евангелля для культуры сустрэчы”. “Сапраўды, каб быць сведкамі Евангелля, неабходна сустрэцца з Ім, Езусам. Хто Яго ведае па-сапраўднаму, становіцца Яго сведкам. Як самаранка (...) – гэта жанчына сустрэла Езуса, размаўляла з Ім і яе жыццё змянілася; яна вярнулася да свайго народа і сказала: “Ідзіце, паглядзіце на чалавека, які расказаў мне ўсё, што я зрабіла. Ці не Хрыстус Ён?”, - сказаў Папа. Святы Айцец падкрэсліў, што сведкамі Хрыста становяцца людзі, якія не толькі сустрэлі Хрыста, але таксама адчулі, што з’яўляюцца Езусу знаёмымі, прызнанымі, паважанымі, любімымі, прабачанымі Ім. Такая сустрэча іх глыбока кранае, напаўняе новай радасцю, надае новае значэнне жыццю і гэта перадаецца іншым. Езус любіў сустракаць маргіналізаваных, выключаных, неацэненых, пазначаных хваробай ці інваліднасцю, каб аздаравіць іх і вярнуць ім поўную годнасць, сказаў Папа і дадаў, “што менавіта гэтыя людзі сталі сведкамі новых паводзінаў, якія можам назваць “культурай сустрэчы”.

У якасці прыкладу, Пантыфік прывёў сляпога ад нараджэння чалавека з Евангелля паводле св. Яна, якому Хрыстус вярнуў зрок насуперак распаўсюджанаму ілжываму ўяленню пра тое, што слепата – гэта Божае пакаранне. “І добра вядома, што гэты чалавек, пасля таго што з ім здарылася, стаў сведкам Езуса і Яго справы, якая з’яўляецца справай Божай, справай жыцця, любові, міласэрнасці”, сказаў Пантыфік.

“Вось, дзве супрацьлеглыя культуры. Культура сустрэчы і культура выключэння, забабонаў. (...) Хворая асоба ці інвалід, менавіта дзякуючы сваёй слабасці, сваім абмежаванням, можа стаць сведкам сустрэчы: сустрэчы з Езусам, якая адкрывае на жыццё і веру, сустрэчу з іншымі, супольнасцю. Толькі той, хто прызнае ўласную слабасць, уласныя абмежаванні можа будаваць братэрскія і салідарныя адносіны, у Касцёле і грамадстве”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў прысутных на аўдыенцыі адкрыцца на сустрэчу з Езусам, таму што толькі Ён па-сапраўднаму ведае сэрца чалавека, можа вызваліць Яго ад закрытасці і бесплённага песімізма адкрыўшы на жыццё і надзею.








All the contents on this site are copyrighted ©.