2014-03-28 10:36:06

Беларускія біскупы і святары вучыліся працаваць са СМІ і адказваць на крызісныя сітуацыі


RealAudioMP3 Вучыцца ніколі не позна і заўсёды цікава – з такімі ўражаннямі вярнуліся беларускія біскупы і святары з семінара, які прайшоў у Інстытуце фармацыі маладых журналістаў у нямецкім Мюнхене. У форуме ўдзельнічала даволі прадстаўнічая дэлегацыя з Беларусі, 8 чалавек – усе біскупы-ардынарыі і адказныя за СМІ з кожнай дыяцэзіі. Іх задачай было набыць навыкі зносін прадстаўнікоў Касцёла з медыя. Аб гэтай неабходнасці афіцыйна было аб’яўлена яшчэ на II Ватыканскім Саборы, які нават прыняў дэкрэт аб выкарыстанні сродкаў масавай камунікацыі ў жыцці Касцёла, справе евангелізацыі і данясенні праўды Евангелля да людзей, нагадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Сёння ўсе цудоўна ведаюць, што казання з амбоны мала, амбонай могуць стаць і мас-медыя – радыё і тэлебачанне, а таксама электронныя, якімі карыстаецца ў большасці моладзь.

На СМІ як на сродак новай евангелізацыі не аднойчы звяртаў увагу і папа Францішак, адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч. “Ад самых першых дзён свайго пантыфікату ён часта спатыкаецца з журналістамі. Нават па дарозе на Сусветныя дні моладзі ў Бразілію Папа сустракаўся з прэсай на борце самалёта. Потым адбылася яго сустрэча з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Папскай рады па сродках масавай камунікацыі. Ён выразна падкрэслівае, што СМІ з’яўляюцца інструментам новай евангелізацыі. Аб гэтым сведчыць і яго Апостальская адгартацыя “Evangelii Gaudium”, дзе ён кажа, што Евангелле павінна быць не цяжарам, а радасцю, і гэтаму могуць таксама спрыяць СМІ”, - адзначыў іерарх.

Тры дні тэорыі і практыкі – святары і біскупы з Беларусі атрымалі і спецыфічна журналісцкія веды – аб тыпах інтерв’ю, “стэндапа”, а таксама пазнаёміліся з таямніцамі працы за “кадрам” – якую вопратку лепш надзець для тэлезварота, як трымаць мікрафон, як адказваць на падступныя і нечаканыя пытанні і ў адказе не загнаць самога сябе “у кут”. Шмат новага і цікавага нават для тых, хто часта сустракаецца з журналістамі, прызнаўся арцыбіскуп Кандрусевіч. Бо гэта цэлая навука, якую можна спасцігнуць на асабістым вопыце працы. Але лепш ведаць аб гэтых нюансах загадзя і лепш разумець заданне, якое стаіць сёння перад прадстаўнікамі Касцёла, да якіх звяртаюцца СМІ з тым ці іншым пытаннем: у час падаць праўдзівую інфармацыю, ацаніць сітуацыю, быць заўсёды “у курсе справы” і забыцца на паняцце “no comment”, якое не робіць добры імідж прэс-сакратару ці іншаму святару.

“Для гэтага трэба распачаць з семінарыі, дзе павінны звяртаць увагу на тэарытычную і практычную падрыхтоўку. Таксама святары павінны быць з СМІ на “ты”, яны павінны разумець, што гэта інструмент іх працы, канкрэтнай працы. Таму заданне стаіць вельмі вялікае. Вядома ў вялікіх гарадах больш магчымасцяў працаваць са СМІ, але і большыя патрабаванні, і ў далёкай парафіі святар не павінен забывацца пра медыя”, - сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Быць адкрытымі на зносіны, зацікаўленымі ў пошуку новых форм евангелізацыі, не стаяць на месцы ў развіцці сваіх рэлігійных медыя і развіваць супрацоўніцтва са свецкімі – вось задачы, якія стаяць і перад тымі, хто з’яўляецца правадніком паміж Касцёлам і журналістамі. Адказны за СМІ пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кс. Юрый Санько таксама ўдзельнічаў у семінары. Быць больш ініцыятыўнымі, першымі выходзіць з прапановамі да СМІ і вучыцца правільна рэагаваць у крызісных абставінах – гэта тыя тры кіты, на якіх павінна трымацца прэс-служба Касцёла, лічыць святар.

“Семінар быў прысвечаны ў большай меры крызісным сітуацыям. Не можа быць так, што мы імкнемся паказаць сябе толькі “беленькімі”, распавядаць прыгожа пра нейкія святы і ўрачыстасці, калі ўсё цудоўна, а калі крызісная сітуацыя, мы абстрагіруемся і менш з’яўляемся ў СМІ. Гэты семінар паказаў, як мы павінны ставіцца да гэтага, як павінны працаваць адказныя за сувязі са СМІ, якія ёсць сёння ў кожнай дыяцэзіі. Як рэагаваць на крытычныя інтэрв’ю пра Касцёл, як нават прадухіць такія часта фальшывыя матэрыялы”, - адзначыў святар.

Праца са СМІ павінна быць сур’ёзнай і сістэмнай – семінар толькі пацвердзіў гэта. Трэба сказаць, што ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі для гэтага будзе створаны адмысловы медыя-цэнтр, і першыя крокі для гэтага ўжо былі зроблены – у кожнай дыяцэзіі былі прызначаны адказныя за сувязі са СМІ.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.