2014-03-27 14:54:25

У Святой Зямлі Папа сустэнецца з Барталамеем І, наведае Сцяну плачу і мемарыял “Яд-Вашэм”


RealAudioMP3 27 сакавіка 2014 г. была апублікавана афіцыйная праграма візіту папы Францішка ў Святую Зямлю. Ён працягнецца з 24 па 26 мая 2014 г. Першым пунктам падарожжа стане Іарданія. Святы Айцец сустрэнецца з каралевай гэтай дзяржавы, мясцовымі ўладамі і ўзначаліць Эўхарыстыю на аманскім стадыёне. Ён таксама наведае месца хросту Езуса Хрыста каля ракі Іардан у мястэчку Бэтані. Тут, у мясцовым касцёле, ён сустрэнецца з бежанцамі і маладымі інвалідамі.

Наступным пунктам падарожжа Святога Айца стане Бэтлеем. На радзіме Езуса Францішак сустрэнецца з прадстаўнікамі ўладаў Палестыны, узначаліць Эўхарыстыю на плошчы Божага Нараджэння, а таксама спаткаецца падчас абеду з мясцовымі сем’ямі. Базыліку Нараджэння Пана Пантыфік наведае ў прыватным парадку. Таксама ў рамках палестынскай часткі візіту прадугледжана сустрэча з дзецьмі, якія прабываюць у лагерах для бежанцаў.

Вечарам 25 мая Францішак накіруецца ў Ізраіль. Тут ён сустрэнецца з Патрыярхам Канстантынопальскім Барталамеем І. Яны падпішуць супольную дэкларацыю. Затым Пантыфік прыме ўдзел у экуменічнай сустрэчы, якая пройдзе ў базыліцы Гробу Пана з нагоды 50-годдзя спаткання паміж папам Паўлам VI і Патрыярхам Афінагорам.

У рамках міжрэлігійнай часткі падарожжа Пантыфік сустрэнецца з вялікім муфтыем Іерусаліма, наведае Сцяну плачу і мемарыял памяці ахвяраў Халакосту “Яд-Вашэм”. Францішак сустрэнецца таксама з вялікім рабінам Ізраіля, прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам гэтай краіны. Папскі візіт закончыцца сустрэчай са святарамі, законнікамі і семінарыстамі ў касцёле на тэрыторыі Аліўнага саду і Эўхарыстыяй з ардынарыямі Святой Зямлі ў іерусалімскім Вячэрніку – месцы, дзе Езус развітаўся са сваімі вучнямі і ўстанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.