Апостальскі нунцый у Беларусі выказаў салідарнасць з армянскім насельніцтвам Сірыі
Арцыбіскуп Клаўдыё
Гуджэроцці, Апостальскі нунцый у Беларусі, выказаў сваю заклапочаннасць драматычнай
сітуацыяй у сірыйскім Кесабе, горадзе з армянскім насельніцтвам каля мяжы з Турцыяй.
Некалькі дзён таму мясцовасць падвергнулася нападу ўзброенных людзей, якія прыбылі
з турэцкай тэрыторыі. У сувязі з небяспекай для свайго жыцця многія жыхары Кесаба
былі вымушаны пакінуць свае дамы і шукаць прытулку ў іншых сірыйскіх гарадах. Папскі
дыпламат, які да свайго прызначэння ў Беларусь нёс служэнне ў Грузіі, Арменіі і Азербайджане,
скіраваў спецыяльнае пасланне да Патрыярха Каталіцкай Царквы армянскага абраду Нэрсэса
Бедраса ХІХ. “Уяўляю, колькі пакутаў павінна была знесці гэта моцная, кветнеючая і
мужная супольнасць, якая мае вялікае гістарычнае значэнне”, - напісаў ён. Арцыбіскуп
Гуджэроцці выказаў сваю “хрысціянскую і чалавечую блізкасць, адзінства і сардэчную
салідарнасць" да сірыйскіх армян і паабяцаў ім сваю малітву, каб Бог захаваў іх “ад
новых пакутаў, спыніў руку агрэсараў, навярнуў іх сэрцы і суцешыў закранутых насіллем”.
Арцыбіскуп
Клаўдыё Гуджэроцці мае блізкую сувязь з армянскім народам. За сваю дыпламатычную дзейнасць,
а таксама за шматгадовую навуковую працу па вывучэнні армянскай культуры і духоўнасці
ён атрымаў дзяржаўную ўзнагароду Рэспублікі Арменія і ордэн Армянскай Апостальскай
Царквы “Святога Нэрсэса Шноралі”. У 2012 г. былі апублікаваны два даследванні ватыканскага
дыпламата ў галіне арменалогіі.