2014-03-26 11:53:26

Тэма сёлетніх медытацый Крыжовага шляху ў Калізеі: “Аблічча Хрыста – аблічча чалавека”


RealAudioMP3 Джанкарла Брэганціні сёлета напіша медытацыі для Крыжовага Шляху ў Калізеі, які пройдзе ў Вялікую пятніцу 18 красавіка 2014 г. і будзе трансліравацца шматлікімі тэле- і радыёстанцыямі з усяго свету. Іерарх, вядомы сваёй грамадскай дзейнасцю па абароне законнасці, прызнаўся ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, што ўдзячны асабіста папе Францішку за магчымасць стаць аўтарам разважанняў да настолькі значнага набажэнства. “Аблічча Хрыста – аблічча чалавека” – стане лейтматывам медытацый, паведаміў арцыбіскуп і патлумачыў, што перад тварам пакутуючага чалавека заўсёды прадстае аблічча Езуса. Чым больш мы ўглядаемся ў твар Хрыста, тым больш адчуваем, што ён увасабляецца сёння ў незлічоных пакутах нашага часу і прысутнічае ў кожнай слязе, лічыць аўтар медытацый.

Арцыбіскуп Брэганціні прызнаўся, што ў разважаннях Крыжовага шляху духоўнасць будзе пераплятацца з вострымі сацыяльнымі праблемамі. Гаворка ідзе пра эканамічны крызіс, беспрацоўе, няўпэўненасць моладзі ў заўтрашнім дні, рэчаіснасць турмаў, свет наркотыкаў, драму хворых, асабліва невылечна хворых. Кожнае разважанне будзе звязана з кароткім урыўкам Святога Пісання і малітвай. Іерарх паведаміў, што сёлетні Крыжовы шлях у Калізеі стане “данінай павагі” адгартацыі папы Францішка “Evangelii Gaudium”. Гэты дакумент стаў для арцыбіскупа “бляскам”, які дапамагае правільна чытаць і разумець трагедыю сучаснага чалавека, і рабіць гэта праз міласэрнасць Езуса, з якой можна перамагчы страх, цемру, пустату і ізаляцыю.

Ардынарый архідыяцэзіі Кампабаса-Баяна ў італьянскім епіскапаце з’яўляецца старшынёй Камітэта па сацыяльна-працоўных пытаннях. 65-гадовы арцыбіскуп Брэганціні родам з Трэнта. Ён – член Кангрэгацыі стыгматыкаў. Некалі іерарх быў капеланам асоб, якія адмовіліся ад ваеннай службы з-за сваіх перакананняў і турэмным капеланам. Будучы пастырам дыяцэзіі Локры ў Калабрыі, ён адкрыта выступаў супраць мясцовай мафіі.







All the contents on this site are copyrighted ©.