2014-03-26 12:32:01

30 гадоў таму памёр Карл Ранэр – вялікі тэолаг ХХ стагоддзя


RealAudioMP3 30 гадоў таму, 30 сакавіка 1984 г., памёр кс. Карл Ранэр, адзін з найвялікшых тэолагаў ХХ стагоддзя. Працы памерлага ў Інсбруку сусветна вядомага езуіта і дагматыка інтэрпрэтуюць па-рознаму, але ён заўсёды сцвярджаў, што з’яўляецца каталіцкім тэолагам, які спрабуе пераасэнсаваць каталіцкае вучэнне ў абсалютнай вернасці дактрыне Касцёла. У 1963 годзе кс. Ранэр быў прызначаны Янам XXIII адным з тэолагаў ІІ Ватыканскага Сабору, у падрыхтоўцы якога адыграў важную ролю і аказаў значны ўплыў на яго падзеі. У 1964 г. езуіт стаў пераемнікам кс. Рамана Гуардзіні – яшчэ аднаго выбітнага нямецкага тэолага – на кафедры хрысціянскага бачання свету і філасофіі рэлігіі ў Мюнхене. Да сваёй пенсіі ў 1971 г. ён таксама выкладаў дагматыку ў Мюнстэрскім універсітэце. За навуковыя дасягненні атрымаў 15 ганаровых доктарскіх ступеняў.

Кс. Ранэр, чыёй мэтай жыцця быў “чалавечы твар Касцёла”, як пенсіянер пражываў у Інсбруку. У апошнія гады жыцця ён не хаваў свайго расчаравання ўнутранай сітуацыяй Касцёла і адсутнасцю волі да рэформаў. Ён быў універсальным тэолагам. Часта яго называюць сучасным “доктарам Касцёла”. Яго публікацыі ўключаюць каля 4 тыс. тытулаў і ўтрымліваюць шматлікія выказванні на тэму актуальных пытанняў касцёльнай і сацыяльнай праблематыкі. Свабода думкі была для кс. Ранэра відавочнай. Езуіт пераконваў аргументамі і не выкарыстоўваў знішчальнай крытыкі.

З вялікім прызнаннем узгадваў кс. Карла Ранэра папа Францішак. У чэрвені 2013 г. падчас аўдыенцыі для рэдакцыйнай каманды італьянскага часопіса “La Civiltà Cattolica” Пантыфік падкрэсліў, што нямецкі тэолаг сфармулаваў важныя крытэрыі для “адрознівання духаў” і распазнання Божага голасу.







All the contents on this site are copyrighted ©.