2014-03-25 15:22:34

Італьянскі іерарх стане аўтарам разважанняў да Крыжовага шляху ў Калізеі


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Джанкарла Марыя Брэганціні будзе аўтарам сёлетніх разважанняў да Крыжовага шляху, які пройдзе ў рымскі Калізей 18 красавіка 2014 г., у Вялікую пятніцу. Яго ўзначаліць папа Францішак. Зала Друку Святога Пасаду паведаміла, што набажэнства пройдзе паводле традыцыйнага парадку і будзе ўключаць 14 стацый. Ардынарый архідыяцэзіі Кампабаса-Баяна ў італьянскім епіскапаце з’яўляецца старшынёй Камітэта па сацыяльна-працоўных пытаннях. 65-гадовы арцыбіскуп родам з Трэнта. Ён з’яўляецца членам кангрэгацыі стыгматыкаў. Некалі іерарх быў капеланам асоб, якія адмовіліся ад ваеннай службы з-за сваіх перакананняў. У 1994 г. Ян Павел II прызначыў яго біскупам дыяцэзіі Локры ў Калабрыі, дзе ён адкрыта выступаў супраць мясцовай мафіі.

Трэба адзначыць, што для Францішка гэта будзе другі Крыжовы шлях, які ён узначаліць у Калізеі. У мінулым годзе Святы Айцец прыняў удзел у набажэнстве праз некалькі тыдняў пасля свайго абрання. Мінулагоднія разважанні былі падрыхтаваны групай ліванскай моладзі і мараніцкім Патрыярхам Антыёхіі Бешарой Раі. У іх узгадваліся праблемы “сляпой свецкасці” і “гвалтоўнага фундаменталізму”, падзелаў у Касцёле, абортаў і эўтаназіі, войнаў на Блізкім Усходзе.







All the contents on this site are copyrighted ©.