2014-03-25 13:47:06

Адбылася прэзентацыя Сусветнай сустрэчы сем’яў у Філадэльфіі


RealAudioMP3 Сусветная сустрэча сем’яў у Філадэльфіі адбудзецца ў асабліва важны час для Касцёла, калі ідзе гарачая дыскусія вакол каталіцкага навучання на гэту тэму, адзначыў арцыбіскуп Вінчэнца Палья 25 сакавіка 2014 г. у Ватыкане, падчас прэзентацыі міжнароднага форуму, які пройдзе ў ЗША ў 2015 г. Філадэльфія, лічыць ён, стане месцам сустрэчы, у першую чаргу, мясцовых Касцёлаў Паўночнай і Паўднёвай Амерык. Прысутнасць на Пасадзе св. Пятра першага лацінаамерыканскага Папы робіць падзею яшчэ больш значнай. Адпраўной кропкай і арыенцірам для мерапрыемства стануць словы Францішка аб “прыгажосці сужэнства”, якое з’яўляецца “простай і глыбокай рэальнасцю”, спалучэннем радасці, надзеі, нягодаў і пакутаў, перажываных разам на ўсё жыццё.

Ватыканскі іерарх спадзяецца, што сустрэча ў Філадэльфіі збярэ вернікаў іншых хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў, прадстаўнікоў вялікіх сусветных рэлігій, а таксама асоб, якія не звязваюць сябе з рэлігіяй, але імкнуцца да ўстанаўленне міру і добрай волі ў свеце.

Лагатып Сусветнай сустрэчы будзе адлюстроўваць адзінства сям’і. На ім будзе віднець звон, як сімвал незлічоных званоў, што заклікаюць сем’і па ўсім свеце прыйсці ў касцёл. Сям’я будзе прадстаўлена праз пяць розных вобразаў, якія праілюструюць шматлікасць роляў членаў сям’і – мужа, жонкі, бацькі, маці, сына, дачкі, брата, сястры, дзядулі, унука, і г.д. У цэнтральнай частцы гербу змешчана выява крыжа, што перадае ролю Хрыста ў сям’і. Шрыфт, выкарыстаны для надпісу “Сусветная сустрэча сем’яў”, строгі, элегантны і ўніверсальны, паведамілі арганізатары форуму на прэс-канферэнцыі ў Ватыкане.







All the contents on this site are copyrighted ©.