2014-03-23 14:41:37

Папа перад “Анёл Панскі”: скіраваць да Езуса свае самыя глыбокія пытанні (поўны тэкст)


RealAudioMP3 “Вялікі пост – гэта спрыяльны час, каб заглянуць унутр сябе, выявіць свае самыя сапраўдныя духоўныя патрэбы і папрасіць дапамогі ў Пана ў малітве”, адзначыў папа Францішак перад традыцыйнай нядзельнай малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 23 сакавіка 2014 г. Пантыфік пахіліўся над евангельскім урыўкам пра сустрэчу Езуса з самаранкай, які заклікае і нас звярнуцца да Хрыста з просьбай аб вадзе, напіўшыся якой не будзем прагнуць ніколі. “Сённяшняе Евангелле прадстаўляе нам сустрэчу Езуса з самаранкай, якая адбылася ў Сіхары, каля старажытнай студні да якой жанчына прыходзіла штодзённа, каб зачарпнуць вады, – адзначыў Папа. – У той дзень, яна ўбачыла там Езуса, які сядзеў “стомлены дарогай” (Ян 4,6). Ён адразу сказаў ёй: “Дай Мне піць” (Ян, 4,7). Такім чынам Ён пераадоліў бар’еры варожасці, якія існавалі паміж юдэямі і самаранамі і разбурыў схемы забабонаў у адносінах да жанчын. Звычайная просьба Езуса – гэта пачатак адкрытага дыялогу, праз які Ён, з вялікай асцярожнасцю, увайшоў ва ўнутраны свет чалавека, да якога, паводле сацыяльных схемаў, не мог нават скіроўваць слова. Але Езус зрабіў гэта! Езус не пабаяўся. Езус, калі бачыць чалавека ідзе да яго, бо любіць. Любіць нас усіх. Не спыняецца перад чалавекам па прычыне забабонаў. Езус паставіў жанчыну перад яе сітуацыяй, не асуджаючы, але дазваляючы адчуць сябе зразуметай, прызнанай, і выклікаючы ў ёй жаданне ісці па-за штодзённую руціну.

Езус не столькі прагнуў вады, колькі сустрэчы з высахлай душой. Езус меў патрэбу ў сустрэчы з самаранкай, каб адкрыць ёй сэрца: Ён папрасіў у яе піць, каб паказаць прагу, якая была ў ёй самой. Жанчына была кранута гэтай сустрэчай: яна скіравала да Езуса тыя глыбокія пытанні, якія мы ўсе маем унутры, але часта ігнаруем. Таксама і мы маем шмат пытанняў, але не маем адвагі скіраваць іх да Езуса! Вялікі пост – дарагія браты і сёстры – гэта спрыяльныя нагода, каб зазірнуць унутр сябе, выявіць свае самыя сапраўдныя духоўныя патрэбы і папрасіць дапамогі ў Пана ў малітве. Прыклад самаранкі, заклікае нас казаць так: “Дай мне вады, ад якой ну беду прагнуць ніколі”.

Евангелле кажа, што вучні былі здзіўлены фактам размовы Настаўніка з гэтай жанчынай. Але Пан большы за забабоны і таму не баяўся спыніцца перад самаранкай: міласэрнасць – большая за забабоны. Гэта мы павінны запомніць добра! Міласэрнасць большая за забабоны, а Езус вельмі міласэрны! Вельмі. Вынікам гэтай сустрэчы каля студні, была перамененая жанчына: яна “пакінула збан”, з якім прыйшла за вадой і пабегла ў горад, каб расказаць пра свой незвычайны досвед: “Я сустрэла чалавека, які расказаў пра ўсё, што я рабіла. Ён быў Месіяй?” Яна была поўнай энтузіязма. Прыходзіла, каб зачарпнуць вады, але знайшла іншую ваду, жывую ваду міласэрнасці, якая навяртае да жыцця вечнага. Яна знайшла ваду, якую шукала заўсёды! Пабегла ў вёску, тую вёску, якая яе асуджала і адкідала, і абвясціла, што сустрэла Месію: Таго, хто змяніў яе жыццё. Таму што сустрэча з Езусам заўсёды змяняе наша жыццё. Гэта крок наперад, крок ў накірунку Бога. І таму кожная сустрэча з Богам змяняе жыццё. Заўсёды так.

У гэтым Евангеллі, бачым таксама і мы стымул “пакінуць наш збан” – сімвал усяго таго, што толькі здаецца важным, але губляе каштоўнасці перад “любоўю Божай”. Усе мы маем яго, і часам больш за адзін! Я пытаюся ў вас, а таксама ў сябе: “Што з’яўляецца маім унутраным збанам, які абцяжарвае, аддаляе ад Бога? Пакінем яго ўбаку і пачуем сэрцам голас Езуса, які прапануе іншую ваду, ваду, якая набліжае да Пана. Мы пакліканы адкрыць важнасць і сэнс нашага хрысціянскага жыцця, якое пачалося з хростам і, як самаранка, сведчыць перад нашымі братамі аб радасці сустрэчы з Езусам – я ўжо казаў, што кожная сустрэча з Езуса змяняе жыццё, але таксама напаўняе радасцю, якая паходзіць знутры. Такі Пан – і апавядаць, якія цудоўныя рэчы, Пан можа ўчыніць у нашым сэрцы, калі маем адвагу адкінуць убок наш збан.

Пасля марыйнай малітвы Францішак нагадаў, што 23 сакавіка 2014 г. адзначаецца Сусветны дзень барацьбы супраць туберкулёза. Ён заклікаў маліцца за ўсіх людзей, якія пакутуюць ад гэтай хваробы, а таксама за тых, хто рознымі спосабамі іх падтрымлівае.








All the contents on this site are copyrighted ©.