2014-03-21 14:35:15

Прапаведнік Папскага дома: Святы Дух здзяйсняе адзінства


RealAudioMP3 Навучанне св. Аўгустына пра Касцёл было ў цэнтры чарговага велікапостнага казання прапаведніка Папскага Дома айца Раньера Канталамесы, прамоўленага для Пантыфіка і супрацоўнікаў Рымскай курыі 21 сакавіка 2014 г. У ім капуцын нагадаў, што лучнасць з Касцёлам здзейсняецца праз бачныя знакі – такія як сакрамэнты і Святое Пісанне, але таксама праз нябачную дзейнасць Святога Духа – любоў і ласку. Гаворачы пра актуальную экуменічную сітуацыю святар адзначыў, што сёння неабходна імкнуцца, разам з духоўным адзінствам у любові, да поўнага адзінства таксама і ў сакрамэнтах, перш за ўсё ў Эўхарыстыі.

Але, на яго думку, “нельга надаваць большую важнасць інстытуцыянальнаму адзінству” перад абліччам адзінства духоўнага, адзначыў прапаведнік і дадаў, што адчувае большую блізкасць з прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх канфесій, які шчыра вераць у тыя самыя праўды, што і ён, любяць Езуса Хрыста, распаўсюджваюць Евангелле і дэманструюць унутраныя знакі Святога Духа, чым з католікамі, якія, аднак, абсалютна не цікавяцца Хрыстом і Касцёлам. “Пераследы, такія часта здараюцца сёння ў пэўных частках свету, не раздзяляюць: не паляць цэрквы, не забіваюць людзей за тое, што яны католікі ці пратэстанты, але за тое, што з’яўляюцца хрысціянамі. Бо яны ўжо “адно”, - сказаў айцец Канталамеса.

Пра адзінства, якое ўтварае паміж хрысціянамі Святы Дух, на яго думку, павінны памятаць усе вызнаўцы Хрыста. “Сутнаснае адзінства ў навучанні і дысцыпліне будзе плёнам містычнага і духоўнага адзінства, але ніколі не можа быць яго прычынай”, - адзначыў ён.

Такім чынам, на думку прапаведніка, галоўныя крокі ў накірунку адзінства здзейсняюцца не за сталом перамоваў ці ў прыняцці дэкларацый, хоць і яны неабходныя, але калі вернікі розных канфесій, у братэрскай згодзе абвяшчаюць Езуса Хрыста, дзелячыся сваімі харызматамі, прызнаючы адзін ў адным братоў і захоўваюць поўную паслухмянасць сваім Цэрквам.








All the contents on this site are copyrighted ©.