2014-03-20 13:02:14

Францішак: праца павінна быць даступна ўсім


RealAudioMP3 20 сакавіка 2014 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю сталеліцейнага завода з італьянскага горада Тэрні, з нагоды 130-годдзя заснавання аднаго з самых буйных прамысловых прадпрыемстваў Італіі. Пантыфік галоўным чынам засяродзіўся на пытаннях, звязаных з годнасцю чалавечай працы. Ён нагадаў, што праца “непасрэдна тычыцца асобы, яе жыцця, свабоды і шчасця”, дзякуючы ёй чалавек рэалізуе сябе і свае інтэлектуальныя, крэатыўныя і фізічныя здольнасці. Таму праца важна не толькі з пункту гледжання прыбытку і эканомікі, але ў першую чаргу таму, што тычыцца чалавека і яго годнасці. “Калі не хапае працы, гэта годнасць становіцца параненай! Беспрацоўныя ці тыя, чыёй працай злоўжываюць, рызыкуюць апынуцца на ўскраіне грамадства, стаць ахвярамі сацыяльнай маргіналізацыі. Часта здараецца так, што людзі без працы – я думаю у першую чаргу пра беспрацоўную моладзь – трапляюць у хранічную роспач, ці яшчэ горш, у апатыю”, - сказаў Папа.

Францішак перакананы, што беспрацоўе – гэта наступства эканамічнай сістэмы, якая паставіла ў цэнтр ідала, імя якому – грошы. “Праца – гэта дабро ўсіх, і павінна быць даступна ўсім”, - адзначыў Папа і заклікаў адказаць на перыяд цяжкасцяў і беспрацоўя салідарнасцю, якая прадугледжвае самаабмежаванне і вядзенне больш сціплага ладу жыцця. Паводле Святога Айца, гэты вялікі выклік тычыцца ўсёй хрысціянскай супольнасці, таму што менавіта дзякуючы веры можна прымаць у жыцці такія рашэнні.

Францішак заклікаў не губляць надзею на лепшую будучыню і не паддавацца песімізму, умацоўваць салідарнасць і братэрскае дзяленне, натхнёныя Евангеллем. Так, на яго думку, можна будзе пераадолець складаны перыяд, якія ахапіў сферу эканомікі і працы.








All the contents on this site are copyrighted ©.