2014-03-18 15:39:12

У Ватыкане паведамяць аб планах падрыхтоўкі да Сусветнай сустрэчы сем’яў


RealAudioMP3 Святы Пасад паведаміць у наступны аўторак, 25 сакавіка 2014 г., аб першапачатковых планах падрыхтоўкі да Сусветнай сустрэчы сем’яў, якая пройдзе ў 2015 г. у Філадэльфіі. Старшыня Папскай рады па справах сям’і, арцыбіскуп Вінчэнца Палья, і арцыбіскуп Філадэльфіі Чарльз Чапут правядуць у Ватыкане сумесную прэс-канферэнцыю аб ходзе падрыхтоўкі, паведаміла 18 сакавіка 2014 г. Зала Друку Святога Пасаду. Цалкам верагодна, што папа Францішак прыме ўдзел у вялікім каталіцкім мерапрыемстве, якое пройдзе 22-27 верасня 2015 г. У пяці з сямі міжнародных сямейных форумах, заснаваных у 1994 г., прымалі ўдзел Ян Павел II і Бэнэдыкт XVI.

З думкай аб магчымым візіце Святога Айца на Сусветную сустрэчу сем’яў Кангрэс ЗША на мінулым тыдні запрасіў яго выступіць з прамовай у Вашынгтоне. У любым выпадку, для замежнай паездкі Пантыфіка спачатку спатрэбяцца запрашэнні з боку мясцовага Касцёла і палітычнага кіраўніцтва краіны. Апошняе можа паступіць на наступным тыдні, 27 сакавіка, калі Прэзідэнт ЗША Барак Абама прыбудзе ў Ватыкан, каб здзейніць сваю першую сустрэчу з папам Францішкам.







All the contents on this site are copyrighted ©.