Апостальская Сталіца будзе прадстаўлена на буйным кніжным форуме
Апостальская Сталіца
атрымала запрашэнне, у якасці ганаровага госця прыняць удзел у сёлетнім Міжнародным
кніжным салоне, які пройдзе 8-12 мая 2014 г. у італьянскім Турыне. Прадстаўніком Святога
Пасаду на форуме будзе старшыня Папскай рады па культуры, кардынал Джанфранка Равазі,
які блізка знаёмы і асабіста задзейнічаны ў шматлікіх ватыканскіх выдавецкіх ініцыятывах.
На міжнароднай кніжнай выставе будзе арганізаваны спецыяльны стэнд, які адлюструе
сучасную выдавецкую дзейнасць Апостальскай Сталіцы і яе гісторыю. Падчас форуму будуць
прадстаўлены шматлікія выданні прамоў і дакументаў папы Францішка. Тут таксама адбудзецца
сустрэча прадстаўнікоў розных каталіцкіх выдавецтваў, а кардынал Равазі прыме ўдзел
у дыскусіі з прадстаўнікамі свету культуры.