2014-03-17 12:41:19

Папа: міласэрны чалавек заўсёды апраўдвае іншых і думае пра свае грахі


RealAudioMP3 Сучаснаму чалавеку не лёгка зразумець паставу міласэрнасці, таму што мы сёння прывыклі асуджаць іншых. Па сваёй прыродзе мы не пакідаем месца для разумення іншага чалавека і для аказання яму міласэрнасці, адзначыў Святы Айцец падчас ранішняй Эўхарыстыі 17 сакавіка 2014 г. Ён спаслаўся на цытату з Евагелля паводле Лукі: “Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны” (6, 36). Каб жыць такім чынам, патрэбныя дзве рэчы: прызнаць свой грэх і пашырыць сэрца да велікадушнасці, заўважыў Святы Айцец. Гаворачы аб пакаянні, ён адзначыў, што такая пастава вядзе да Божай міласэрнасці і прабачэння. Тым не менш, нам павінна быць сорамна за ўчыненыя грахі. Гэты сорам з’яўляецца ласкай, таму што гэта не лёгка сказаць: “Я зграшыў”. Папа адзначыў, што часта мы апраўдваем свае грахі і звальваем віну на іншых, як гэта рабілі нашы прабацькі, Адам і Ева, забываючыся, што гэта мы ўчынілі грэх, забываючыся аб нашай адказнасці за гэта. Аднак, калі мы прызнаем свой грэх, нам лягчэй будзе стаць міласэрнымі, таму што мы адчуем неабсяжнасць Божай міласэрнасці, згодна з тым, аб чым просім штодзённа: “Адпусцi нам правіны нашы, як i мы адпускаем вiнаватым нашым”.

Святы Айцец адзначыў, што, каб быць міласэрным, трэба пашырыць сэрца, таму што эгаістычнае сэрца не здольнае да міласэрнасці. На пытанне: што такое шырокае і адкрытае сэрца, адказвае сённяшняе Евангелле: “Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам. Давайце, і будзе дадзена вам”. Папа падкрэсліў, што вялікае сэрца не асуджае, але даруе, забываецца, таму што Бог забыўся мае грахі, Бог дараваў мне мае грахі. Міласэрны чалавек мае вялікае сэрца, заўсёды апраўдвае іншых і думае пра свае грахі, заключыў папа Францішак. Ён дадаў, што калі кожны з нас, усе народы, асобы, сем’і прымуць такую паставу, настане мір ва ўсім свеце і ў нашых сэрцах.







All the contents on this site are copyrighted ©.