2014-03-17 11:11:02

Пантыфік у рымскай парафіі: ачысціць вочы нашага духа


RealAudioMP3 Слухаць Езуса і не саромецца сваёй веры заклікаў Святы Айцец падчас наведвання рымскага парафіі Маці Божай Малітвы 16 сакавіка 2014 г. Гэта парафіяльная супольнасць стала пятай, куды прыбыў цяперашні Біскуп Рыма падчас свайго пантыфікату. У праграме чатырохгадзіннага візіту былі сустрэчы з хворымі, дзецьмі, вялікай групай моладзі і неакатэхуменальнымі супольнасцямі. Францішак паспавядаў некалькі чалавек і ўзначаліў св. Імшу. У кароткай імправізаванай гаміліі Францішак падкрэсліў, што неабходна слухаць Езуса, каб узмоцніць сваю веру, і ўглядацца ў Хрыста, каб добра падрыхтаваць свае вочы да бачання Яго твару. Спасылаючыся на Евангелле аб Перамяненні Пана, Святы Айцец нагадаў вернікам, што першая задача хрысціяніна слухаць Божае слова. Ён падкрэсліў, што гэта з’яўляецца самым магутным пасілкам для душы. Францішак прапанаваў вернікам заўсёды насіць з сабой невялікае Евангелле, каб чытаць кожны дзень яго фрагмент. Гэта дазваляе слову Езуса ўвайсці ў сэрца чалавека і ўмацаваць яго веру. Папа падкрэсліў неабходнасць прасіць у Бога ласку ачышчэння вачэй нашага духа, каб падрыхтаваць іх да вечнага жыцця, сузірання Бога тварам у твар.

“Позірк, скіраваны на Езуса, ачышчае нашы вочы і рыхтуе іх да вечнага жыцця, да сузірання Нябёсаў. Магчыма, нашы вочы крыху хворыя, таму што мы бачым так шмат рэчаў, якія не паходзяць ад Езуса, а хутчэй выступаюць супраць Яго: рэчы гэтага свету, рэчы, якія не прыносяць дабра святлу душы. Тады яно павольна гасніць і не самі таго разумеючы, мы набліжаемся да ўнутранай цемры, цемры духоўнай, цемры веры: гэта сапраўдная цемра, таму што мы не прызвычайваемся бачыць і ўсведамляць спраў Езуса”, - сказаў Святы Айцец.







All the contents on this site are copyrighted ©.