2014-03-17 09:44:43

Беларусь: 40 дзён малітвы за ненароджаных дзяцей


RealAudioMP3 Беларускія вернікі далучыліся да акцыі “40 дзён за жыццё”, сутнасць якой у тым, каб падчас Вялікага посту хрысціяне маліліся за ненароджаных дзяцей, аб захаванні жыцця, памнажэнні любові, пакаянні з граху аборта. Гэтай традыцыі – больш за 10 гадоў, упершыню такая акцыя прайшла ў ЗША ў 2004 г. У Беларусі такая малітва праходзіць ужо другі год па ініцыятыве руха “Пралайф”, паведаміла яго кіраўнік Таццяна Тарасевіч, і гэта малітоўная кампанія ўжо прынесла свае вынікі.

“У мінулым годзе мы пачалі гэту малітву падчас Вялікага посту, і потым мне паведаміла адна наша кансультант (валанцёр, якая праводзіць гутаркі з цяжарнымі падчас крызісу, калі ёсць пагроза аборту), што ў іх жаночай кансультацыі падчас гэтай малітвы не было абортаў. Магчыма, яны былі мінімізаваны, або жанчыны не даходізілі да іх, або нешта іншае, але аборты падчас посту ў гэтай кансультацыі не праводзілі – гэта факт. Таму мы ведаем, што малітва эфектыўная”, упэўнена Таццяна Тарасевіч.

Малітва “40 дзён за жыццё” аб’ядноўвае вернікаў на ўсёй планеце. За гэты час больш за 30 абартарыяў у свеце зачыніліся толькі дзякуючы таму, што валанцёры і неабыякавыя да праблемы людзі прыходзілі і маліліся каля гэтых клінік. Часам, яны стаялі там і не адзін год, але ў рэшце рэшт пераконвалі тых, хто лічыў аборт нормай. Спачатку малітва, потым адукацыя і дзеянне – на гэтых трох кітах трымаецца і рух “Пралайф Беларусь”, на сайце якога размешчаны і адпаведныя малітвы. Бо жадаючых далучыцца да акцыі – шмат.

“Людзі звярталіся, шукалі Канон, малітвы, цалкам можна Канон чытаць, або не, прасілі, каб мы дасылалі тэкст у нейкім фармаце, пыталі, можна ці не далучыцца не з першага дня, а на пяты, як маліцца дома ці ў групе і іншае. Гэта значыць, што ёсць вялікая зацікаўленасць у такой супольнай малітве. І нашы валанцёры адзначаюць, што для іх гэта не толькі натхненне падчас Вялікага посту, але і сведчанне сумесных дзеянняў”, - кіраўнік руха “Пралайф” у Беларусі.

У асноўным да малітвы далучаюцца вернікі хрысціянскіх канфесій – католікі, праваслаўныя і пратэстанты. Уключыцца ў гэтую хвалю ніколі не позна, бо кожны голас дапамагае пераважыць жыццю на шалях гэтага свету, пераадольваючы згубную практыку абортаў.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.